Паважаныя сябры!
У нашай сінявокай Беларусі ёсць месцы, якія валодаюць асаблівай духоўнай сілай і непаўторнай прыгажосцю. Адно з іх - Талачыншчына, край з багатай гісторыяй і працавітымі людзьмі.
Гісторыя раёна непарыўна звязана з гісторыяй краіны. На яго долю выпала нямала важных падзей: рэвалюцыйныя пераўтварэнні, напружаная праца даваенных пяцігодак, барацьба з фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і аднаўленне разбуранай народнай гаспадаркі. Ва ўсе часы жыхары Талачыншчыны сваёй працай прымнажалі славу беларускай зямлі і яе нацыянальны здабытак. Наша зямля захоўвае памяць аб доблесці і мужнасці продкаў. Сведчанне таму - дзесяць ураджэнцаў раёна, удастоеных у гады Вялікай Айчыннай вайны звання Героя Савецкага Саюза.
Жыхары Талачыншчыны праславіліся не толькі ратнымі подзвігамі, але і працоўнымі дасягненнямі. Мы ганарымся землякамі, якія дабіліся поспеху ў самых розных сферах: сярод іх мастакі, паэты і пісьменнікі, навукоўцы, інжынеры, педагогі і працаўнікі сельскай гаспадаркі. Кожны ўнёс свой уклад у развіццё і росквіт роднага краю.
Сёння раён - адзін з вядучых на Віцебшчыне па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Тут працуюць унікальныя прадпрыемствы, якія выпускаюць экскаватары, меліярацыйную тэхніку, шырокую наменклатуру труб і камплектуючых для вонкавых сістэм газазабеспячэння, водазабеспячэння, водаадвядзення, сыры, пладовыя і фруктова-ягадныя віны, сокі і бульбу-фры (замарожаную). Развіваецца прадпрымальніцтва, удасканальваецца сацыяльная сфера. У раёне будуецца жыллё, абнаўляюцца вытворчыя аб'екты, з кожным годам Талачынскі край становіцца прыгажэйшым.
У цэнтры ўвагі мясцовага кіраўніцтва - і сельскія населеныя пункты. Але галоўнае багацце Талачыншчыны - яе людзі, іх таленты, энергія і імкненне рухацца наперад. Наш абавязак - раскрываць і падтрымліваць гэты патэнцыял, накіроўваючы яго на карысць роднага краю і ўсёй краіны.