Першы беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум з'яўляецца актуальным і своечасовым для паступальнага развіцця двухбаковых адносін. Упэўненасць у гэтым выказаў міністр прамысловасці Беларусі Аляксандр Рагожнік, выступаючы на адкрыцці секцыі на тэму "Пашырэнне супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана ў галіне прамысловасці", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Мінпрама.
Секцыя арганізавана на пляцоўцы аднаго з вядучых прамысловых прадпрыемстваў рэспублікі - ААТ "БЕЛАЗ".
Мерапрыемства аб'яднала парламентарыяў, кіраўнікоў міністэрстваў, ведамстваў, прамысловых прадпрыемстваў, Беларускага саюза жанчын - самай масавай жаночай арганізацыі Беларусі, усіх тых, хто прама ці ўскосна мае дачыненне да развіцця беларуска-ўзбекскіх сувязей.
Падкрэсліўшы шырокае жаночае прадстаўніцтва, міністр канстатаваў вялікую ўзаемную цікавасць бізнес-колаў дзвюх краін да супрацоўніцтва і вялікі патэнцыял у далейшым развіцці ўзаемных кантактаў, у тым ліку кааперацыйных сувязей.
Гэта пацвярджаюць і лічбы статыстыкі. Экспартныя пастаўкі беларускага Мінпрама ва Узбекістан па выніках сямі месяцаў бягучага года ў параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года выраслі ў грашовым выражэнні больш як на $20 млн.
"Беларуская прадукцыя даўно карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод узбекскіх спажыўцоў. Узбекскія імпарцёры штогод пашыраюць лінейку беларускіх тавараў на рынку і ўмацоўваюць сувязі з беларускімі вытворцамі, якія зарэкамендавалі сябе надзейнымі, стараннымі і стабільнымі партнёрамі", - сказаў Аляксандр Рагожнік.
У якасці прыкладу цеснага ўзаемадзеяння ён анансаваў падпісанне ў бліжэйшы час двух буйных кантрактаў ААТ "МТЗ" і ААТ "МАЗ" з узбекскімі партнёрамі.
У той жа час кіраўнік ведамства звярнуў увагу, што ў апошнія гады вытворчая кааперацыя стала адным з ключавых напрамкаў развіцця беларуска-ўзбекскага супрацоўніцтва. Так, напрыклад, флагман машынабудаўнічай галіны Беларускі аўтамабільны завод са свайго боку адкрыты да далейшага ўзаемадзеяння ў частцы прапрацоўкі пытання магчымасці стварэння на тэрыторыі Узбекістана буйнавузлавой зборкі тэхнікі вытворчасці ААТ "БЕЛАЗ", а таксама да супрацоўніцтва з горназдабыўнымі кампаніямі Рэспублікі Узбекістан па пастаўках у гэты рэгіён кар'ернай тэхнікі.
Паводле яго слоў, беларускія вытворцы гатовы прапанаваць узбекскім партнёрам шырокі спектр тавараў і паслуг па розных напрамках дзейнасці. Адначасова беларускі бок зацікаўлены ў арганізацыі сустрэчных паставак тавараў з Узбекістана, якія могуць быць запатрабаваны ў Беларусі. "Наша сённяшняя сустрэча - непасрэдная магчымасць і выключна важная пляцоўка для стварэння адпаведных кантактаў", - перакананы Аляксандр Рагожнік.
Ён выказаў упэўненасць, што правядзенне форуму будзе садзейнічаць пераходу беларуска-ўзбекскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва на новы якасны ўзровень, раскрыццю патэнцыялу для далейшай работы . "І ў вас, і ў нас ёсць унікальная магчымасць устанавіць асабістыя кантакты, прадметна азнаёміцца з прапановамі, ацаніць перспектывы і выпрацаваць алгарытм далейшага ўзаемадзеяння", - рэзюмаваў Аляксандр Рагожнік.
Да спіса