Прыкладныя этычныя правілы педагагічных работнікаў апублікаваны на сайце Міністэрства адукацыі, паведамляе БЕЛТА.
Правілы былі распрацаваны, каб стварыць умовы для спрыяльнага і бяспечнага адукацыйнага асяроддзя, устойлівага развіцця ўстаноў адукацыі. Гэта звод агульных патрабаванняў, якія прад'яўляюцца да педагогаў, незалежна ад займаемай імі пасады. Аснову правіл складаюць прынцыпы педагагічнай этыкі: ненасілля, аўтаноміі, талерантнасці, адказнасці, справядлівасці, паважання правоў і годнасці іншага чалавека, кампетэнтнасці, прыстойнасці.
Пакуль гэта толькі праект дакумента, вынесены на грамадскае абмеркаванне. Ён складаецца з чатырох пунктаў. У першым абазначаны агульныя этычныя патрабаванні. Згодна з імі, педагагічныя работнікі павінны садзейнічаць устойлівай і пазітыўнай маральна-псіхалагічнай абстаноўцы ва ўстанове адукацыі, не дапускаць ацэнак і выказванняў, якія прыніжаюць гонар і годнасць калег, вучняў і іх законных прадстаўнікоў. Праблемы педагагічнай сферы павінны абмяркоўвацца ў паважлівай форме, а рашэнні прымацца ў адкрытых дыскусіях.
Педагогі павінны прытрымлівацца дзелавога стылю адзення. Ім трэба ўмець прызнаваць свае памылкі, не дапускаць публічнага прадузятага абмеркавання ўстановы адукацыі, у тым ліку ў інтэрнэце, не злоўжываць службовым становішчам, не патрабаваць ад вучняў i iх законных прадстаўнiкоў якіх-небудзь паслуг, узнагароды за сваю работу, а таксама прымаць меры па папярэджанні карупцыі.
Узаемаадносіны з вучнямі трэба будаваць на аснове безумоўнага паважання годнасці і недатыкальнасці асобы. Педагогі не павінны размяшчаць у інтэрнэце інфармацыю, якая можа нанесці шкоду здароўю або развіццю вучняў. Таксама нельга дапускаць прымянення да іх фізічнага, маральнага і псіхічнага насілля. Пры выстаўленні ацэнак настаўніку варта быць аб'ектыўным і справядлівым. Ён не павінен публічна крытыкаваць асобу вучняў і іх законных прадстаўнікоў.
Размова з законнымі прадстаўнікамі павінна быць адкрытай, паважлівай і добразычлівай. Нельга дапускаць, каб арганізацыйная, фінансавая і іншая падтрымка, якая аказваецца ўстанове адукацыі законнымі прадстаўнікамі вучняў, уплывала на адносіны да іх педагогаў. Нельга выдаваць меркаванне вучняў аб сваіх бацьках і наадварот.
Акрамя таго, асобным пунктам абазначаны этычныя патрабаванні ва ўзаемаадносінах паміж педагогамі. Яны павінны добрасумленна і якасна выконваць прафесійныя абавязкі, клапаціцца пра прэстыж прафесіі, паважаць гонар і годнасць калег, помніць аб маральнай адказнасці за размешчаныя ў інфармацыйнай прасторы каментарыі аб установе адукацыі і адукацыйнай сферы ў цэлым. Педагогі павінны імкнуцца да ўзаемадзеяння, паважаць інтарэсы адзін аднаго, не дапускаць нетактоўнага ўмяшання ў асабістае жыццё калег. Ім не варта праяўляць зайздрасць, нядобразычлівасць, абвінавачваць калег у недасведчанасці.-0-
Да спіса