У штаб-кватэры СНД у Мінску адбылася чарговая рабочая нарада Савета міністраў юстыцыі дзяржаў - удзельніц СНД па пытанні стварэння адзінай міждзяржаўнай электроннай сістэмы абмену інфармацыяй паміж міністэрствамі юстыцыі краін Садружнасці ў частцы аказання насельніцтву паслуг прававога характару. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Прававым дэпартаменце Выканаўчага камітэта СНД.
У мерапрыемстве, якое прайшло ў фармаце відэаканферэнцыі, прынялі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў юстыцыі і іншых зацікаўленых органаў ад Арменіі, Беларусі, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, Беларускай натарыяльнай палаты і супрацоўнікі Выканаўчага камітэта СНД. З ініцыятывай па стварэнні Адзінай міждзяржаўнай электроннай сістэмы абмену інфармацыяй паміж міністэрствамі юстыцыі дзяржаў - удзельніц СНД у частцы аказання насельніцтву паслуг прававога характару выступіла Міністэрства юстыцыі Узбекістана, якое старшынствуе ў савеце з 1 студзеня 2024 года.
Мэта - павышэнне эфектыўнасці ў сферы аказання прававой дапамогі насельніцтву, а таксама аператыўнасці абмену інфармацыяй паміж кампетэнтнымі органамі міністэрстваў юстыцыі дзяржаў - удзельніц СНД.
Удзельнікі рабочай нарады дамовіліся прадоўжыць работу па гэтым пытанні і правесці дадатковыя кансультацыі. Чарговая рабочая нарада Савета міністраў юстыцыі дзяржаў - удзельніц СНД па гэтым пытанні запланавана на ліпень 2024 года.
Да спіса