Цяперашнія і магчымыя будучыя праекты Беларусі і Расіі абмяркоўваліся 12 сакавіка на сустрэчы кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрыя Крутога са старшынёй міжведамаснай камісіі па гістарычнай асвеце пры Прэзідэнце Расіі, старшынёй Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства Уладзімірам Мядзінскім, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Размова ішла ў тым ліку аб дзейнасці сумеснай расійска-беларускай камісіі па гісторыі і яе рабочага органа - Экспертна-кансультатыўнага расійска-беларускага савета па гісторыі, які быў створаны раней па рашэнні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі і міжведамаснай камісіі па гістарычнай асвеце пры Прэзідэнце Расіі.
Дзмітрый Крутой адзначыў, што ўжо працяглы час, працуючы на розных пасадах, падтрымлівае дыялог з Уладзімірам Мядзінскім па тэматыцы захавання гістарычнай памяці. На гэты раз на парадку дня асабістай сустрэчы абмеркаванне важных праектаў, звязаных з будучымі значнымі падзеямі - па святкаванні 80-годдзя Вялікай Перамогі. "Нашы спецыялісты напрацавалі вялікі парадак дня, і нам з вамі як сустаршыням трэба зверыць асобныя моманты, вызначыцца, - сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. - Спадзяюся, што ваш візіт, як заўсёды, пройдзе насычана і канструктыўна".
Уладзімір Мядзінскі ў сваю чаргу падзякаваў беларускаму боку за гасціннасць. Ён расказаў, што наведаў XXXII Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш у дзень яе адкрыцця і быў уражаны тым, наколькі шмат там было людзей. "Процьма народу, не праціснуцца, - заўважыў ён. - Гэта ўвага да кнігі, да літаратуры - вельмі цудоўна".
Акрамя таго, Уладзімір Мядзінскі прысутнічаў на асвячэнні мемарыяльнага крыжа ў гонар салдат Рускай імператарскай арміі, якія загінулі ў Першую сусветную вайну, які ўстаноўлены Расійскім ваенна-гістарычным таварыствам на Ваенных могілках у Мінску. На яго думку, атрымалася дастойнае памятнае месца - брацкая магіла невядомых салдат. "Імя іх невядомае, але тым не менш подзвіг бессмяротны. Яны абаранялі Айчыну. І хоць мы не ведаем пайменна, хто там знаходзіцца, гэта тыя людзі, якія загінулі тут, на рубяжы абароны, недалёка ад Мінска. Дзякуй вам за гэту ініцыятыву. Вельмі сімвалічна, што праз 100 гадоў мы вяртаем доўг гістарычнай памяці нашым дзядам, прадзедам, якія жыцця свайго не шкадавалі, - сказаў ён.
Дзмітрый Крутой у сувязі з гэтым звярнуў увагу, што ў пачатку дзейнасці расійска-беларускай камісіі па гісторыі ў яе ўдзельнікаў было чаканне, што вялікая частка работы будзе так ці інакш прысвечана тэматыцы Вялікай Айчыннай вайны. Аднак цяпер відавочна, што гэта тэматыка значна шырэй і ў полі зроку спецыялістаў падзеі Першай сусветнай вайны, вайны 1812 года.
У час сустрэчы Уладзімір Мядзінскі перадаў Дзмітрыю Крутому невялікі, але вельмі сімвалічны сувенір - копію аднаго з помнікаў, устаноўленых Расійскім ваенна-гістарычным таварыствам у Маскве. Гэта "Развітанне славянкі" (фігура жанчыны, якая праводзіць на вайну мужчыну) - частка кампазіцыі, размешчанай на Беларускім вакзале. Паводле яго слоў, гэта сімвалічна адлюстроўвае "наша агульнае мінулае па абароне нашай агульнай зямлі".
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыў, што бачыў гэту скульптурную кампазіцыю ў Маскве. Дзмітрый Крутой падкрэсліў усё большую запатрабаванасць ваенна-гістарычнага, патрыятычнага турызму ў абедзвюх краінах і расказаў аб планах па стварэнні вялікага турыстычнага цэнтра ў зручнай лакацыі для ахопу вялікай колькасці наведвальнікаў.
Да спіса