Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па сінім
Навіны рэспублікі
08.04.2026

Беларусь і Татарстан будуць развіваць біржавы гандаль прамысловымі таварамі

Удзельную вагу тавараў прамысловага прызначэння ў біржавым тавараабароце Беларусі і Татарстана (РФ) плануецца павялічваць як за кошт кропкавага прыцягнення на Беларускую ўніверсальную таварную біржу (БУТБ) татарстанскіх вытворцаў і спажыўцоў, так і праз інстытут брокерства - шляхам кансалідацыі попыту і прапанавання прадпрыемстваў прамысловага сектара Татарстана на беларускай біржавой платформе. Аб гэтым ішла размова ў час візіту дэлегацыі дзелавых колаў Татарстана ў цэнтральны офіс БУТБ, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе біржы.

Паводле слоў Адэля Хазіева, кіраўніка камітэта "Станкабудаванне" пры Прамысловым кластары Татарстана, адной з ключавых функцый узначаленай ім структуры з'яўляецца прасоўванне на знешнія рынкі прадукцыі, якая выпускаецца прамысловымі прадпрыемствамі рэспублікі. У святле гэтага пляцоўка БУТБ можа стаць дадатковым каналам узаемадзеяння з суб'ектамі гаспадарання Беларусі, што пасадзейнічае актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва ў біржавой сферы.

"Камітэт "Станкабудаванне" ўваходзіць у склад Дзелавога аб'яднання кластараў Расіі, пры якім створаны шэраг галіновых цэнтраў прасоўвання. У прыватнасці, мы цесна ўзаемадзейнічаем з Цэнтрам прасоўвання станкабудаўнічай прадукцыі і адытыўных тэхналогій. Ён прадстаўляе інтарэсы татарстанскіх вытворцаў станкоў і абсталявання для 3D-друку і мог бы ў якасці брокера рэалізоўваць іх прадукцыю на біржавых таргах у Беларусі. Мне здаецца, што такім чынам у нас атрымаецца хутчэй дасягнуць жаданых вынікаў", - лічыць Адэль Хазіеў.

Намеснік начальніка ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці БУТБ Герман Пузырны падтрымаў прапанову расійскага боку, адзначыўшы важную ролю брокераў у развіцці біржавога гандлю з рэгіёнамі Расіі. "Цяпер у Расійскай Федэрацыі дзейнічаюць сем біржавых брокераў, акрэдытаваных на БУТБ. Кожны з іх адказвае за пэўны рэгіён, забяспечваючы стабільны прыток новых удзельнікаў на біржавую платформу. Па Татарстане ў нас пакуль няма такога партнёра, таму мы вельмі зацікаўлены ў акрэдытацыі брокерскай кампаніі, якая возьме на сябе пытанні папулярызацыі біржавога механізма сярод прадстаўнікоў татарстанскай бізнес-супольнасці. З нашага боку будзе аказана ўся неабходная кансультацыйная і тэхнічная падтрымка", - заявіў Герман Пузырны.

Па выніках першага квартала 2026 года біржавы тавараабарот Беларусі і Татарстана дасягнуў $4,9 млн. Пры гэтым, паводле даных БУТБ, Татарстан быў нета-імпарцёрам беларускіх тавараў: сухога малака, сухіх малочных вяршкоў, сметанковага масла і сыру. Колькасць татарстанскіх удзельнікаў біржавых таргоў з пачатку 2026 года павялічылася на тры кампаніі і цяпер складае 63.

ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Яе галоўная функцыя - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.

БелТА

Да спіса