З 25 лістапада па 4 снежня ДАІ правядзе ў Талачынскім раёне прафілактычную акцыю «Зімовы цюнінг для машын - правільны пратэктар шын!». Мерапрыемствы накіраваны на папярэджанне ДТЗ зімой і прапаганду выкарыстання зімовых шын.
У рамках акцыі 27 лістапада пройдзе Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху з аналагічнай назвай, прысвечаны тэме падрыхтоўкі аўтатранспарту да эксплуатацыі ў зімовых умовах.
У гэтыя дні будзе арганізавана шырокая інфармацыйна-растлумачальная праца ў СМІ і сярод уладальнікаў транспартных сродкаў аб асноўных сезонных рызыках і пагрозах бяспекі. Супрацоўнікі ДАІ нагадаюць уладальнікам машын аб неабходнасці з 1 снежня эксплуатацыі аўтамабіляў з зімовымі шынамі, аб адказнасці за ігнараванне патрабавання, аб правілах бяспечнага ўдзелу ў дарожным руху зімой.
З першага дня каляндарнай зімы інспектары ДПС правядуць рэйды, падчас якіх правераць, як вадзіцелі гатовы да зімы.
За ўдзел у дарожным руху транспартных сродкаў, не абсталяваных зімовымі шынамі, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе папярэджання або штрафу да пяці дзесятых базавай велічыні.
Сезонная змена шын абавязкова павінна рабіцца на аўтамабілях з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3,5 тоны ўключна, легкавых і грузапасажырскіх аўтамабілях з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай звыш 3,5 тоны, а таксама аўтобусах з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 5 тон.
Зімовыя шыны ўсталёўваюцца на ўсіх колах транспартнага сродку. Пры куплі неабходна звяртаць увагу на маркіроўку шын. Шыны павінны быць прамаркіраваны знакам у выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі і са сняжынкай ўнутры яе альбо знакамі «М + S», «M & S», «M.S», «M S» або «All seasons». Пры гэтым рэшткавая вышыня малюнка пратэктара павінна быць не менш за 4 мм.
Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе аўтаўладальнікам не чакаць 1 снежня і ўжо «пераабуваць» аўтамабілі. Аднак не дастаткова да марознага сезону падрыхтаваць толькі аўтамабіль, варта і самім перабудавацца на зімовы стыль кіравання. Выбіраць бяспечную хуткасць і дыстанцыю з улікам стану праезнай часткі, адмовіцца ад рызыкоўных манеўраў і лішніх перастраенняў, пазбягаць рэзкіх тармажэнняў. Неабходна абдумваць кожнае сваё дзеянне, кіраваць транспартам спакойна і акуратна. Менавіта дысцыплінаванасць, спакой і абачлівасць пры кіраванні дапамогуць вам пераадолець усе цяжкасці зімовай дарогі.
Пешаходам рэкамендуецца праяўляць максімум увагі і асцярожнасці пры перасячэнні праезнай часткі, улічваць, што тармазной і прыпыначны шлях аўтамабіля на слізкай дарозе значна павялічваюцца. У цёмны час сутак абазначаць сябе флікерамі.
Да спіса