Халадзільнік і два кулера для халоднай і гарачай вады атрымалі ў падарунак работнікі Талачынскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Не сакрэт, што сёння лекары, якія знаходзяцца на перадавой у барацьбе з распаўсюджваннем вострых рэспіраторных інфекцый, як ніколі маюць патрэбу ва ўвазе і падтрымцы. Дапамогу Талачынскім медыкам аказалі і работнікі райвыканкама, яго службаў і аддзелаў, УКБ, упраўлення па працы з плацельшчыкамі па Талачынскім раёне ІМПЗ Рэспублікі Беларусь па Аршанскім раёне, раённага аб'яднання прафсаюзаў і райкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу, раённых арганізацый грамадскіх аб'яднанняў «Белая Русь» і БРСМ. Яны за ўласныя сродкі набылі і перадалі ў карыстанне бальніцы халадзільнік і два кулера.
Падарункі ў рамках акцыі «Дзякуй медыкам!» ўручылі старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Лындзiн, яго намеснік, дэпутат абласнога Савета Іна Галубкова і старшыня раённага Савета дэпутатаў Георгій Мурашка.
Дарэчы, пасільную дапамогу ўстанове ахове здароўя арганізацыі і прадпрыемствы, грамадзяне раёна аказваюць таксама шляхам пералічэння грашовых сродкаў на дабрачынны рахунак, адкрыты ў Талачынскай цэнтральнай раённай бальніцы. Усяго на яго паступіла 8,2 тысячы рублёў. Усе медыцынскія работнікі забяспечаны спецвопраткай, сродкамі індывідуальнай абароны.
Па інфармацыі ЦРБ, за красавік-май лячэнне пнеўманіі ў бальніцы атрымалі 102 пацыенты. Сёння на лячэнні знаходзяцца 28 пацыентаў з пнеўманіяй, задзейнічаны 4 аддзяленні ўстановы аховы здароўя.
Па стане на 5 чэрвеня ў Талачынскім раёне праведзена 550 ПЦР-даследаванняў на COVID-19 і 230 даследаванняў з выкарыстаннем экспрэс-тэстаў, выдадзена 105 патрабаванняў аб захаванні правіл паводзін у самаізаляцыі.
Установа аховы здароўя нагадвае аб выкананні рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь - захаванні сацыяльнага дыстанцыяваньня, нашэнні сродкаў індывідуальнай абароны ў месцах масавага знаходжання людзей, строгім выкананні рэкамендацый па самаізаляцыі.
Па пытаннях аказання медыцынскай дапамогі ў перыяд пандэміі COVID-19 можна звярнуцца ў кансультатыўны кабінет паліклінікі па тэлефоне 5-03-63.
Ігар Снараў
Да спіса