У Беларусі да веснавых палявых работ падрыхтавана 94 працэнты сельскагаспадарчай тэхнікі. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі начальнік галоўнага ўпраўлення тэхнічнага прагрэсу і энергетыкі, дзяржаўнага нагляду за тэхнічным станам машын і абсталявання (Галоўдзяржтэхнагляд) Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Станіслаў Карповіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Прыняты комплекс арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў, які дае магчымасць з упэўненасцю гаварыць, што тэхніка будзе падрыхтавана своечасова. У пасяўной кампаніі будзе задзейнічана каля 75 тыс. адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі, машын і абсталявання. Узровень гатоўнасці на сёння складае 94 працэнты, крыху ніжэй - у Віцебскай і Магілёўскай абласцях, але за гэты тыдзень ён будзе падцягнуты. Ужо асобныя гаспадаркі Брэсцкай вобласці пачалі выконваць веснавыя палявыя работы", - адзначыў Станіслаў Карповіч.
Тыя машыны, якія выкарыстоўваюцца першымі (тэхніка тыпу "Раса" для падкормкі), гатовы на 99 працэнтаў.
Станіслаў Карповіч расказаў, што ў мінулым годзе закуплена больш як 9 тыс. адзінак тэхнікі, у 2026-м работа прадоўжыцца ў такім жа тэмпе. У зімовы перыяд праводзіўся рамонт машын як у спецыялізаваных арганізацыях (падрыхтавана больш як 700 адзінак тэхнікі), так і ў гаспадарках. Каб ацаніць дакладнасць прадастаўленых звестак, арганізаваны маніторынг сельгасарганізацый.
Яшчэ адзін важны напрамак - забеспячэнне гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Аграрыям неабходна каля 200 тыс. т паліва, ім акажуць неабходную падтрымку.
Што датычыцца кадраў, то для бесперапыннасці тэхналагічнага працэсу плануецца дадаткова прыцягнуць 2,4 тыс. чалавек, у тым ліку каля 1 тыс. - з прамысловых прадпрыемстваў, 660 навучэнцаў каледжаў, ВНУ. Таксама спецыялісты будуць працаваць па грамадзянска-прававых дагаворах. Работу энерганасычаных трактароў арганізуюць у двухзменным рэжыме. Набыты ў патрэбным аб'ёме запчасткі.
"На працягу двух тыдняў тэхнічна маем магчымасць правесці сяўбу ранніх яравых культур. У сярэднім на працягу 12 дзён завершым. Па рэгіёнах тэрміны адрозніваюцца. У паўночных раёнах будуць практычна на паўтара тыдня пазней сеяць", - дадаў Станіслаў Карповіч.