Лукашэнка прыбыў з дзяржаўным візітам у Азербайджан
16.05.2025
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з дзяржаўным візітам у
Азербайджан. Беларускі борт нумар адзін прызямліўся ў міжнародным аэрапорце
Гейдар Аліеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На флагштоках перад урадавым тэрміналам "Шараф" узнялі дзяржаўныя
сцягі Беларусі і Азербайджана, а ўздоўж дывановай дарожкі бірузовага колеру ў
чаканні кіраўніка дзяржавы выстраіліся ваеннаслужачыя роты ганаровай варты.

Ля трапа Аляксандра Лукашэнку сустракалі першы намеснік прэм'ер-міністра
Азербайджана Ягуб Эюбаў, намеснік міністра замежных спраў Эльнур Мамедаў,
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Азербайджана ў Беларусі Магерам Аліеў, а таксама
члены беларускай дэлегацыі - віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка, міністр замежных спраў
Сяргей Алейнік і кіраўнік беларускай дыпмісіі Андрэй Раўкоў.
Напярэдадні візіту Прэзідэнта кіраўнікі беларускіх дзяржаўных органаў і
прадпрыемстваў правялі ў Баку перагаворы са сваімі азербайджанскімі візаві.
Акрамя таго, гэтымі днямі ў сталіцы Азербайджана праходзяць буйнейшыя ў рэгіёне
сельскагаспадарчыя выстаўкі Caspian Agro і Interfood Azerbaijan. У час форуму
беларускія вытворцы дасягнулі пагадненняў на $54 млн.
Як паведамляла прэс-служба кіраўніка дзяржавы, у Баку Аляксандр Лукашэнка
правядзе афіцыйныя перагаворы з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым.
Сустрэча двух лідараў пройдзе ў фармаце сам-насам і ў пашыраным складзе з
удзелам членаў дэлегацый.
"Прэзідэнты разгледзяць актуальныя пытанні двухбаковых адносін з
акцэнтам на пашырэнні гандлёва-эканамічных сувязей у розных галінах і развіцці
кааперацыйнага ўзаемадзеяння ў сферах прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Яшчэ
адной тэмай перагавораў стане супрацоўніцтва Беларусі і Азербайджана на
міжнародных пляцоўках і ў інтэграцыйных аб'яднаннях. Кіраўнікі дзяржаў
абмяркуюць сітуацыю ў рэгіёне і ў свеце ў цэлым. Па выніках перагавораў будзе
падпісаны пакет двухбаковых дакументаў", - расказалі ў прэс-службе
беларускага лідара.
Чакаецца, што ў Баку Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў таксама наведаюць
азербайджанскую міжнародную сельскагаспадарчую выстаўку Caspian Agro, дзе
азнаёмяцца з экспазіцыямі Беларусі і Азербайджана, рэалізацыяй сумесных
праектаў у сферы АПК.
У 2023 годзе тавараабарот паміж краінамі перасягнуў $400 млн. Пры гэтым
беларускі экспарт склаў больш за $370 млн, павялічыўшыся на 77 працэнтаў да
ўзроўню 2022 года.
"Мы абменьваемся таварамі ў дрэваапрацоўчай галіне (мы прадаём у
Азербайджане ўсю лінейку прадукцыі: ад падоўжна распілаванага лесу да шпалер і
туалетнай паперы), кааперуемся ў машынабудаванні, сумесна працуем у
нафтаперапрацоўчай сферы (узаемны гандаль прадуктамі нафтаперапрацоўкі). Гэта
фармацэўтыка, прадукты харчавання. Можна гаварыць пра турызм, спорт і іншыя
гуманітарныя напрамкі. Гэта значыць, увесь спектр узаемаадносін у нас
ёсць", - адзначыў пасол Беларусі ў Азербайджане Андрэй Раўкоў.
Вядома, канкурэнцыя на азербайджанскім рынку высокая: сваю прадукцыю сюды
пастаўляюць вядучыя сусветныя вытворцы. Але, як адзначыў Андрэй Раўкоў, іншых
умоваў для працы не будзе. "Канкурэнцыя будзе ўсё роўна расці, і нам трэба
ў гэтых умовах працаваць, удасканальваць і прапаноўваць сябе. Усё ў нашых
руках, трэба працаваць", - падкрэсліў кіраўнік беларускай дыпмісіі.