На фестывалі-кірмашы "Дажынкі-2024" у Бешанковічах праваахоўнікі арганізуюць 14 спецыяльных праходаў да тэматычных пляцовак
Праваахоўнікі гарантуюць: парадак на свяце працаўнікоў вёскі будзе забяспечаны.
28 верасня ў гарадскім пасёлку Бешанковічы пройдзе першы этап абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі ''Дажынкі-2024''. Бяспека гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства будзе забяспечана супрацоўнікамі УУС у поўнай меры, паведаміў журналістам начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Віцебскага аблвыканкама палкоўнік міліцыі Дзмітрый Зяцеў.
У перыяд правядзення мерапрыемства органы ўнутраных спраў пяройдуць на ўзмоцнены варыянт нясення службы. З мэтай каардынацыі і кансалідацыі розных падраздзяленняў будзе працаваць аперацыйна-сітуацыйны штаб, у які ўвойдуць прадстаўнікі міліцыі і іншых ведамстваў.
Супрацоўнікамі органаў правапарадку будуць створаны рэжымна-абмежавальныя зоны і 14 спецыяльных праходаў да тэматычных пляцовак фестывалю. У цэнтральнай частцы гарадскога пасёлка прадстаўнікі ДАІ перакрыюць рух і забяспечаць бяспечнае перамяшчэнне гасцей і ўдзельнікаў свята, для асабістага і службовага транспарту арганізуюць лакальныя аўтастаянкі. На гандлёва-забаўляльных пляцоўках і ў месцах адпачынку грамадзян будуць дзяжурыць падраздзяленні патрульна-паставой службы міліцыі. На цэнтральных вуліцах гарадскога пасёлка праваахоўнікі арганізуюць спецыяльныя азнаямленчыя лакацыі ў рамках акцыі "За бяспеку – разам!".
- Міліцыя Віцебскай вобласці цалкам гатовая да забеспячэння аховы грамадскага парадку ў перыяд правядзення святочных мерапрыемстваў, - падкрэсліў Дзмітрый Зяцеў.
Фота аўтара.