У ходзе рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў прыняў удзел у пасяджэнні Ушацкага райвыканкама і правёў прамую лінію з жыхарамі раёна. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў КДК.
На пасяджэнні Ушацкага райвыканкама разгледжана пытанне падрыхтоўкі сельскагаспадарчых арганізацый да зімовага перыяду ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Кіраўнік кантрольнага ведамства асаблівую ўвагу звярнуў на выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы па навядзенні парадку ў жывёлагадоўлі. Пастаўлены задачы аператыўна вырашыць існуючыя праблемныя пытанні пры падрыхтоўцы жывёлагадоўчых памяшканняў да зімы, прыняць неабходныя меры па стабілізацыі вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, нарыхтоўцы і захаванасці кармоў, захаванні ветэрынарна-санітарных патрабаванняў утрымання і кармлення жывёл.
Акцэнт зроблены на павышэнні адказнасці кадраў за вынік і ўзмацненні кантролю за вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай і працоўнай дысцыплінай на жывёлагадоўчых аб'ектах.
Таксама сёння кіраўнік КДК правёў прамую тэлефонную лінію з жыхарамі Ушацкага раёна. Паступіла шмат званкоў. Пытанні датычыліся рознай тэматыкі: правільнасці і абгрунтаванасці налічэння заработнай платы работнікам сельгасарганізацыі, аплаты арэнднага жылля, выканання заканадаўства пры правядзенні адміністрацыйных працэдур, арганізацыі работы гандлёвых аб'ектаў у сельскай мясцовасці і інш.
Па шэрагу зваротаў растлумачэнні дадзены ў ходзе размовы з грамадзянамі. Па астатніх - выдадзены канкрэтныя даручэнні. Іх выкананне ўзята на кантроль.