Акампаніятар Лепельскага раённага Дома культуры Ганна Шаркоўская актыўна папулярызуе беларускія цымбалы, выконваючы на іх нараўне з народнымі песнямі і сусветную класіку, і рок.
Пасля школы Ганна паступіла ў Віцебскі дзяржаўны музычны каледж імя І.І. Салярцінскага і ўжо на трэцім курсе трапіла ў заслужаны аматарскі калектыў народны ансамбль танца "Лявоніха". Калектыў збіраўся ехаць на месяц на гастролі ў Іспанію, і ім тэрмінова патрэбна была цымбалістка. Дзяўчыне ўручылі вялікую кіпу нот і далі трыццаць дзён, каб вывучыць усю праграму. Суткамі яна не выпускала малаточкі з рук, але асвоіла рэпертуар і паехала ў Іспанію.
У ансамблі "Лявоніха" Ганна прапрацавала два гады і вельмі ўдзячна калектыву, разам з якім змагла ўбачыць свет. Але яе цягнула ў родныя мясціны, і маладым спецыялістам яна вярнулася ў Лепель, дзе вось ужо 10 гадоў працуе ў раённым Доме культуры.
Субяседніца прызнаецца, што, як і ва ўсіх творчых асоб, у яе былі моманты, калі не хацелася нават бачыць інструмент. Толькі стаўшы дарослай, сапраўды палюбіла цымбалы. Асабліва калі пачала іграць тое, што самой падабаецца.
У творчай скарбонцы цымбалісткі шмат узнагарод. Ганна Шаркоўская - трохразовы пераможца рэспубліканскага фестывалю "Студэнцкая аграрная вясна ў Віцебску", двойчы лаўрэат прафсаюзнага конкурсу "Новыя імёны", уладальніца дыплома першай ступені міжнароднага фестывалю ў Балгарыі "Хваля ідэй", таксама мае падзяку ад міністра культуры Беларусі за шматгадовую добрасумленную працу і прафесіяналізм. Найбольшую вядомасць дзяўчыне прынёс першы прыз на міжнародным фестывалі "Вясёлка над Віцебскам", які праходзіў у рамках "Славянскага базару", дзе Ганна выканала з завязанымі вачыма Luna tu Алесандра Сафіны на цымбалах.
Ідэю выканаць рок-музыку на народным інструменце дзяўчыне падказалі калегі ў раённым ДК. Увасобіць задумку ў жыццё Ганне здалося нерэальным, але жаданне паэксперыментаваць і адкрыць нешта новае было мацнейшае за сумненні. Паспрабавала сыграць Queen. Кампазіцыя выдатна лягла на інструмент. Потым былі Nirvana, Imagine Dragons, Europe.
Традыцыйна кожны год у канцы студзеня ў Лепельскім РДК, напярэдадні дня нараджэння Ганны, праходзіць сольны канцэрт, на які збіраюцца не толькі мясцовыя жыхары, але і госці з Мінска, Полацка, Масквы, Санкт-Пецярбурга. Цяпер білеты на сольнік заказваюць загадзя, чакаюць яго з нецярпеннем, і зала заўсёды поўная.
Да кожнага паўтарагадзіннага канцэрта цымбалістка рыхтуецца каля года. Прадумвае нумары, падбірае і вывучае кампазіцыі, а таксама вызначаецца са святлом, гукам і спецэфектамі. Акрамя таго, прыдумвае для гледачоў інтэрактыў і падарункі: каляндарыкі або калажы з аўтографам. У працэс уключаны і калегі Ганны - сапраўдная каманда. Паводле слоў субяседніцы, дзякуючы сумеснай рабоце і ствараюцца такія ўражальныя выступленні.
Рэпертуар Ганны Шаркоўскай налічвае больш за 100 кампазіцый. Раней яна шукала ноты ў інтэрнэце, цяпер можа падабраць мелодыю на слых. Ганна прызнаецца, што па заслугах ацаніла нацыянальны інструмент, і радуецца, калі яе творчасць знаходзіць водгук у гледачоў.
Ганна Шаркоўская яшчэ і музычны блогер: выкладвае ў сацсеткі відэа з канцэртаў і праводзіць прамыя эфіры. На гэты момант у яе больш за 35 тыс. падпісчыкаў. Але галоўным фанатам, апорай і падтрымкай заўсёды застаецца мама.
Ганна Шаркоўская - гераіня нашага праекта "Беларусы ў кадры". Даведаліся ў яе, колькі часу трэба штодзённа праводзіць за цымбаламі, каб віртуозна авалодаць гэтым струнным ударным інструментам, які ў яго патэнцыял і што выклікае захапленне ў слухачоў.