Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Коласаўскі тэатр падрыхтаваў містычную прэм'еру паводле апавядання Яна Баршчэўскага

09.12.2025
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа 11 снежня на камернай сцэне пакажа прэм'еру спектакля "Ваўкалак" паводле аднайменнага апавядання з кнігі Яна Баршчэўскага "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях", паведамілі БЕЛТА ў тэатры.

Малады рэжысёр Ірына Тышкевіч узяла ў якасці сюжэту пастаноўкі апавяданне "Ваўкалак", таму што ўбачыла ў ім вельмі спрэчную маральную тэму - помсту. Да стварэння спектакля далучыліся мастак Юлія Карымава, харэограф Дзіяна Юрчанка і артысты-коласаўцы, каб паказаць уздзеянне гэтага пачуцця на чалавека.

"Няма людзям спакою, калі шчаслівы іншыя. Марка і Алена кахаюць адзін аднаго, але з'яўляецца Ілля, падгаворвае дудара Арцёма і разбурае прыгожую гісторыю сваім жаданнем валодаць упадабанай жанчынай. Смутак, моцная крыўда спараджаюць у Марку жаданне помсціць. І вочы яго пачынаюць гарэць па-воўчы, людзі палохаюцца. Марка ператвараецца ў ваўкалака, які бегае па лясах і можа толькі наводзіць жах на былых аднавяскоўцаў", - падзяліліся ў тэатры.

У пастаноўцы заняты віцебскія артысты: Ульяна Ацясава, Арцём Герак, Раіса Грыбовіч, Святлана Жукоўская, Дзмітрый Каваленка, Паліна Крашэўская, Юлія Крашэўская, Пятро Ламан, Аляксей Стома і Юрась Цвірка.

У спектаклі артысты актыўна выкарыстоўваюць беларускі фальклор, прыказкі, прымаўкі, замовы, народныя аўтэнтычныя песні, у тым ліку ў апрацоўцы вядомага этна-трыа "Троіца".-0-
© ТАЛАЧЫНСКІ РАЁННЫ
ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ, 2025.