Больш ста працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Талачыншчыны атрымалі свае заслужаныя ўзнагароды. Урачыстае мерапрыемства напярэдадні прафесійнага свята прайшло ў Цэнтры культуры.
У ліку ўзнагароджаных кіраўнікі і спецыялісты сельгасарганізацый і прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці, механізатары і вадзіцелі, работнікі жывёлагадоўлі, ветэраны галіны і моладзь, якая робіць у ёй свае першыя крокі.
— Сёння мы ўшаноўваем людзей, якія ўносяць важкі ўклад ва ўмацаванне адной з жыццёва важных галін эканомікі. Ад вашай працы шмат у чым залежыць дабрабыт нашага краю і сацыяльная стабільнасць, - звярнуўся да прысутных старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Лындзін.
У гэтым годзе земляробы Талачыншчыны ўвайшлі ў тройку лепшых раёнаў вобласці па намалоце збожжа і зборы алейнага семя рапсу. Павялічылі аб'ёмы прадукцыі і жывёлаводы - як па вытворчасці малака, так і па вырошчванні буйной рагатай жывёлы і свіней. Закладзена добрая база і пад будучы ўраджай - завершана сяўба азімых, машынна-трактарны парк гаспадарак папоўніўся сучаснай тэхнікай.
— Задзел на новы сельскагаспадарчы год зроблены, вызначаны планы і задачы. Для іх дасягнення ў нас ёсць галоўнае - добрая зямля і адукаваныя прафесіяналы, працавітыя людзі, - падкрэсліў кіраўнік раёна.
— Харчовая бяспека - аснова з асноў нацыянальнай бяспекі дзяржавы. Акрамя таго, сельскагаспадарчая галіна выходзіць на лідзіруючыя пазіцыі ў структуры экспарту, пастаўляючы сваю прадукцыю на рынкі краін блізкага і далёкага замежжа. І гэта не выпадкова, бо беларускія прадукты з'яўляюцца якаснымі, смачнымі і карыснымі. Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца, але за ўсім гэтым стаіць перш за ўсё штодзённая тытанічная праца, - адзначыў у прывітальным слове да ўдзельнікаў мерапрыемства старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.
Са святам аграрыяў павіншавалі таксама намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Міхаіл Прыдыбайла, старшыня раённага Савета дэпутатаў Георгій Мурашка і іншыя.
- 66 тысяч тон збожжа, сабраныя хлебаробамі Талачыншчыны сёлета, упэўнены, не мяжа. Вам цалкам па сілах намалот у 100 тысяч тон і больш, бо раён нараўне з Аршанскім і Дубровенскім уваходзіць у лік галоўных засекаў вобласці, - сказаў Міхаіл Прыдыбайла.
Тэатралізаваную праграму для працаўнікоў сяла падрыхтавалі супрацоўнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці, канцэртныя нумары падарылі калектывы «На ростанях» і «Fusion» Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў.
Ігар Снараў