Сярод асоб, адзначаных дзяржаўнымі ўзнагародамі ў ходзе цырымоніі, якая адбылася 25 лістапада ў Палацы Рэспублікі, быў і прадстаўнік нашага раёна — начальнік Талачынскага раённага аддзела Віцебскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь (далей — Фонд) Галіна Пятроўна Краўчанка.
Усяго ў той дзень, паведаміла інфармагенцтва «БелТА», былі ўшанаваны амаль чатыры дзясяткі прадстаўнікоў розных прафесійных сфер (АПК, будаўнічай галіны, навукі, адукацыі, творчая інтэлігенцыя і інш.). Высокімі вынікамі сваёй працы яны зрабілі вялікі ўклад ва ўмацаванне і развіццё краіны.
Галіна Пятроўна за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў вобласці сацыяльнай абароны насельніцтва адзначана Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (у матэрыяльным выражэнні гэта адпаведны дакумент, нагрудны знак і каштоўны падарунак).
Пачынаючы з 2012 года, калі Галіна Пятроўна ўзначаліла Талачынскі аддзел, яго калектыў тройчы станавіўся пераможцам па выніках працы (займаў першае месца) у штогадовых спаборніцтвах паміж ад-дзеламі Віцебскай вобласці — у 2013, 2016 і 2019 гадах. А ў цэлым Галіна Пятроўна прысвяціла сферы сацыяльнай абароны ўжо больш за два дзясяткі гадоў — працуе тут з 1998-га.
Ролю гэтага ведамства ў жыцці грамадства (а менавіта — у функцыянаванні сацыяльнай сферы і сферы занятасці насельніцтва) немагчыма пераацаніць. Персаніфікаваны ўлік, атэстацыя працоўных месцаў, выплата дапамог са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання (пры нараджэнні дзяцей, у сувязі з часовай непрацаздольнасцю і інш.), абавязковыя страхавыя ўзносы наймальнікаў і іншыя плацяжы ў бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва — вось няпоўны пералік напрамкаў, па якіх працуе Фонд, ажыццяўляючы кантроль і аказваючы кансультацыйную дапамогу суб’ектам гаспадарання. Дзякуючы эфектыўнай дзейнасці Фонду (як у цэлым па рэспубліцы, так і на нашым, раённым, узроўні) своечасова атрымліваюць пенсію пенсіянеры і не застаюцца абдзеленымі іншыя катэгорыі асоб, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы і абароне (жанчыны ў водпусках па доглядзе дзяцей, грама-дзяне, у якіх паміраюць блізкія родныя, і інш.).
На сённяшні дзень (па стане на канец лістапада) у Талачынскім раёне ніхто з плацельшчыкаў узносаў у бюджэт Фонду не меў запазычанасці. Заслуга ў гэтым, на думку Галіны Пятроўны, належыць і яе калектыву, і самім суб’ектам гаспадарання:
— Плацельшчыкі нашы свядомыя і дысцыплінаваныя. Калі часам у іх узнікаюць нейкія праблемы, то толькі па аб’ектыўных прычынах (з-за тых ці іншых фінансавых цяжкасцей), і яны робяць усё магчымае, каб выйсці са складанага становішча. Мы ім у гэтым аказваем усебаковую пад-трымку — падказваем, кансультуем, даём падрабязныя тлумачэнні нявопытным спецыялістам і г. д. Пастаянна трымаем сітуацыю з усімі суб’ектамі на кантролі, пры патрэбе звязваемся з імі, нагадваем, папярэджваем пра неабходнасць ажыццяўлення тых ці іншых працэдур.
Відавочна, што шматгадовая паспяховая дзейнасць Талачынскага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва стала магчымаю дзякуючы прафесійным і асабістым якасцям членаў яго калектыву і ў значнай ступені — кіраўніка. Таму што такое шырокае поле дзейнасці і вялікая адказнасць патрабуюць ад начальніка аддзела бясспрэчнага прафесіяналізму, кампетэнтнасці, камунікабельнасці, арганізатарскіх здольнасцей і пастаяннай нястомнай працы.
Сяргей АБРАМОВІЧ.
Фота Ірыны ЦЫБУЛЬКІНАЙ