Спонсарскую дапамогу Талачынскім медыкам, вядучым барацьбу з распаўсюджваннем вострых рэспіраторных інфекцый, аказалі дэпутаты раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання.
Прадстаўнікі органа мясцовага самакіравання падарылі душавую кабіну. Абсталяванне, набытае народнымі абраннікамі за ўласныя сродкі, будзе ўстаноўлена ў інфекцыйнае аддзяленне ўстановы аховы здароўя.
Уручылі падарунак медыкам старшыня раённага Савета дэпутатаў Георгій Мурашка і дэпутат як раённага, так і абласнога Савета Іна Галубкова.
- Выбар на душавую кабіну ўпаў не выпадкова, - заўважыў Георгій Георгіевіч. - Папярэдне мы ўдакладнілі ў работнікаў бальніцы, у чым яны маюць патрэбу сёння ў першую чаргу.
Як паведамілі нам у ЦРБ, па стане на 15 мая ў раёне праведзена 320 ПЦР-даследаванняў на COVID-19 і 65 даследаванняў з выкарыстаннем экспрэс-тэстаў, выдадзена 65 патрабаванняў аб захаванні правіл паводзін у самаізаляцыі.
На лячэнні знаходзяцца 32 пацыента з пнеўманіямі, задзейнічаны 4 аддзяленні.
Усе медыцынскія работнікі забяспечаны спецвопраткай, сродкамі індывідуальнай абароны.
У сакавіку-красавіку па размеркаванні галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама было атрымана 1100 камбінезонаў, 1800 рэспіратараў і больш за 10000 масак.
За бюджэтныя грошы і сродкі дабрачыннай дапамогі закуплена 400 камбінезонаў, 1200 рэспіратараў, больш за 3000 масак. 200 ахоўных шчыткоў перадалі валанцёры з г. Мінска.
Установа аховы здароўя нагадвае аб выкананні рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь - захаванні сацыяльнага дыстанцыяваньня, нашэнні сродкаў індывідуальнай абароны ў месцах масавага знаходжання людзей, строгім выкананні рэкамендацый па самаізаляцыі.
Па пытаннях аказання медыцынскай дапамогі ў перыяд пандэміі COVID-19 можна звярнуцца ў кансультатыўны кабінет паліклінікі па тэлефоне 5-03-63.
Ігар Снараў