Прывітанне

Паважаныя сябры!


Ёсць месцы ў нашай сінявокай Беларусі, якія выпраменьваюць асаблівую, непаўторную духоўную сілу і прыгажосць. Адным з гэтых мясцін з'яўляецца Талачыншчына. Здаўна яна славіцца краем, у якім жывуць працавітыя людзі.
Гісторыя нашага раёна непарыўна звязана з гісторыяй краіны.    У гісторыі яго развіцця было нямала значных падзей. Гэта і эпоха рэвалюцыйных пераўтварэнняў, і напружаная праца даваенных пяцігодак, і абарона Айчыны ад фашысцкіх захопнікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны, і аднаўленне разбуранай вайной народнай гаспадаркі. На працягу ўсіх гэтых гадоў працаўнікі раёна памнажалі славу беларускай зямлі, яе нацыянальны здабытак.
Наша зямля захоўвае нямала сведчанняў доблесці і мужнасці нашых продкаў. Пра гэта сведчыць хаця б тое, што 10 ураджэнцам раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Жыхары Талачыншчыны вядомы не толькі ў ратных подзвігах, але і ў мірнай працы. Наш раён па праве ганарыцца сваімі землякамі, якія дасягнулі вышынь у разнастайных сферах дзейнасці. Сярод іх - мастак, паэты і пісьменнікі, вучоныя і інжынеры, настаўнікі і сяляне. Кожны з гэтых людзей унёс свой пасільны  ўклад ў тое, каб наш раён стаў багацей, прыгажэй і ўтульней.
Сёння раён - адзін з вядучых на Віцебшчыне па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, дзейнічаюць унікальныя прадпрыемствы па зборцы экскаватараў, меліярацыйных машын, выпуску поліэтыленавых труб, вытворчасці  хутказамарожаных паўфабрыкатаў з бульбы.
Развіваецца прадпрымальніцтва, новы ўзровень атрымлівае сацыяльная сфера. Нідзе не спыняецца праца - узводзіцца жыллё, прыводзяцца ў парадак вытворчыя аб'екты, прыгажэе з кожным годам горад Талачын, г.п. Коханава, заўсёды ў полі зроку мясцовага кіраўніцтва сельскія населеныя пункты.

Аднак яшчэ большы патэнцыял заключаны ў нашых людзях, у іх талентах і памкненнях. Наш абавязак выкарыстоўваць яго на карысць усёй краіны.


Старшыня Талачынскага
раённага выканаўчага камітэта                               Лындзін Алег Міхайлавіч