Старшыня Савета Федэрацыі РФ Валянціна Мацвіенка ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" ацаніла антысанкцыйную работу Беларусі і Расіі, а таксама сумесны курс па імпартазамяшчэнні, паведамляе БЕЛТА.
Валянціна Мацвіенка нагадала, што кіраўнікі дзвюх краін не раз выказвалі пункт гледжання аб тым, што любыя абмежаванні непрыемныя, але ў той жа час яны шмат чаму навучылі. "І мы яшчэ раз пераканаліся, што і Беларусь, і Расія, і мы разам усё можам. І мы не павінны залежаць, асабліва ў адчувальных галінах, ад замежнага імпарту. Што датычыцца Беларусі і дзейнасці Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, то вынікі прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў студзені, і такая магутная падтрымка грамадзянамі Беларусі свайго Прэзідэнта перавыбраннем на новы тэрмін, гавораць самі за сябе. Людзі бачаць і цэняць", - заявіла яна.
Адносна санкцыйнага націску спікер Савета Федэрацыі таксама прывяла аб'ектыўныя аргументы. “Такая колькасць санкцый і абмежаванняў, а ў Беларусі і Расіі – стабільная абстаноўка. У нас працуе і загружана прамысловасць, у нас стабільная фінансавая абстаноўка. Мы выконваем, у адрозненне ад заходніх так званых партнёраў, усе сацыяльныя абавязацельствы перад нашымі грамадзянамі. І ў Беларусі, і ў Расіі - для нас гэта святое. На фоне таго, што цяпер яны фактычна кожны месяц скарачаюць розныя дапамогі і падтрымку грамадзян, таму што (у іх. - Заўвага БЕЛТА) іншыя ўстаноўкі. І праграмы сумесныя нашы па імпартазамяшчэнні вельмі актуальныя, яны вельмі магутныя", - падкрэсліла яна.
У час апошняга візіту ў Беларусь Валянціна Мацвіенка пабывала на некалькіх прадпрыемствах, дзе вырабляюць суперсучасную электроніку. "І чарговы раз пераканалася, што патэнцыялу настолькі шмат, што да канца мы яго яшчэ не рэалізавалі. Гэтак жа і ў Расіі, і нашы сумесныя праекты, і ў рамках Саюзнай дзяржавы мы вельмі магутна рушылі наперад. Мы імпартанезалежныя па шэрагу важных пазіцый, у тым ліку вытворчасці станкоў, як гаварыў Аляксандр Рыгоравіч, электронікі і іншых відаў прадукцыі, якія раней было прасцей купіць. А цяпер прыйшло ўсведамленне, што суверэнітэт дзяржавы мае вельмі шырокае значэнне, у тым ліку тэхналагічны суверэнітэт, прамысловы суверэнітэт. І мы цяпер на справе ўсё гэта рэалізуем, і вынікі вельмі добрыя, вядома, ёсць і над чым працаваць. Але важна, што нашы ўрады, нашы міністэрствы і ведамствы настолькі актыўна ўключыліся ў рэалізацыю саюзных праграм, якія ахопліваюць усе сферы і інтэграцыі, што гэта ўсяляе такую надзею, што мы будзем рухацца яшчэ больш хуткімі тэмпамі", - акцэнтавала яна.
Да спіса