Адрас: 211092, г. Талачын,
вул. Леніна, 1
Е-mail: odok@tolochin.vitebsk-region.gov.by
Тэлефон: (802136) 5-15-33
Сівец: падрыхтоўка да XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі выйшла на фінішную прамую
Падрыхтоўка да XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі выйшла на фінішную прамую, заявіў журналістам старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Сяргей Сівец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння прайшло сумеснае пасяджэнне беларускага і расійскага арганізацыйных камітэтаў па падрыхтоўцы і правядзенні форуму. У фармаце ВКС у ім прыняў удзел і Сяргей Сівец.
"Мы ўжо выйшлі на фінішную прамую, - сказаў Сяргей Сівец. - 27-28 чэрвеня адбудзецца XI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Ён унікальны тым, што пройдзе на трох пляцоўках - у Віцебску, Полацку і Наваполацку. Праграма форуму даволі вялікая. Акрамя пленарнага пасяджэння плануецца правядзенне 9 секцый, а таксама панэльная дыскусія кантрольных органаў Рэспублікі Беларусі і Расійскай Федэрацыі, сустрэча Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь з Палатай маладых заканадаўцаў пры Савеце Федэрацыі, гандлёва-прамысловыя палаты таксама традыцыйна будуць праводзіць свае пасяджэнні. Вядома, вялікая культурная праграма, выставачная, прэзентацыйная. Ужо цяпер мы бачым цікавасць з боку юрыдычных і фізічных асоб з беларускага і расійскага боку па ўдзеле ў форуме. Пацверджана вялікая колькасць праектаў дагавораў аб супрацоўніцтве, якія цяпер прапрацоўваюцца ў рабочым парадку, плюс камерцыйныя кантракты. Я думаю, што мы значна перавысім тую суму камерцыйных кантрактаў, якія ў нас былі заключаны ў рамках юбілейнага X форуму".
У сувязі з гэтым узнікае шмат арганізацыйных пытанняў. "І ў гэтай рабоце няма дробязей, - адзначыў парламентарый. - Літаральна ўсё, пачынаючы ад транспартнага забеспячэння, месцаў правядзення секцыйных пасяджэнняў і пленарнага пасяджэння, пытанняў, звязаных з харчаваннем, культурнай праграмай - гэта ўсё ў фокусе ўвагі сённяшняга арганізацыйнага камітэта з удзелам зацікаўленых. У цэлым, зыходзячы з інфармацыі, якая ёсць на сённяшні дзень, у нас большасць пытанняў ужо знаходзіцца ў заключнай фазе вырашэння. Нейкіх крытычных момантаў няма на сённяшні дзень. А тая дашліфоўка, якая заўсёды прысутнічае пры правядзенні такіх маштабных мерапрыемстваў, думаю, пройдзе ў планавым рэжыме".
XI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі на тэму "Роля міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў пабудове інавацыйнай эканомікі Саюзнай дзяржавы" пройдзе 27-28 чэрвеня. У дні форуму адбудуцца выставачныя і прэзентацыйныя мерапрыемствы, секцыйныя пасяджэнні, мерапрыемствы культурнай праграмы. Запланавана сустрэча старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і старшыні Савета Федэрацыі Валянціны Мацвіенка з кіраўнікамі органаў дзяржаўнай улады рэгіёнаў дзвюх краін, пленарнае пасяджэнне форуму, падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве, камерцыйных кантрактаў і іншых дакументаў на ўсіх пляцоўках форуму.
Арганізатары форуму - Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі.