Навіны рэспублікі
24.03.2025

Мінбудархітэктуры: аб'ёмы будаўніцтва арэнднага жылля будуць расці, яно запатрабавана


Аб'ёмы будаўніцтва арэнднага жылля ў Беларусі будуць расці, яно запатрабавана. Аб гэтым расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі - начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Іна Пінкоўская ў праекце БЕЛТА "Краіна гаворыць".

Адным з напрамкаў канцэпцыі дзяржаўнай жыллёвай палітыкі Беларусі да 2030 года стане павелічэнне аб'ёму будаўніцтва арэнднага жылля. "Яно запатрабавана, яно дае магчымасць грамадзянам быць мабільнымі, прамяшчацца па рэспубліцы, не прывязвацца да нейкага аднаго месца, пабудаваўшы ўласнае жылое памяшканне. Таму фонд арэнднага жылля будзе павялічвацца, аб'ёмы яго расці. Гэта ўжо і цяпер прасочваецца. Калі мы возьмем 2019 год, то мы пабудавалі ўсяго 113 тыс. кв.м арэнднага жылля. У 2024 годзе ў нас аб'ём павялічыўся да 427 тыс. кв.м. На гэты год аб'ёмы будаўніцтва прадугледжваюцца на ўзроўні 442 тыс. кв.м", - расказала Іна Пінкоўская.

Такія кватэры будуюцца за кошт дзяржавы, а таксама за кошт арэнднай платы, што паступае ад грамадзян, якія пражываюць у такім жыллі.

Найбольш масавая запатрабаванасць арэнднага жылля адзначаецца ў абласных цэнтрах і іншых буйных гарадах з вялікай колькасцю насельніцтва. "У маленькіх населеных пунктах попыт меншы, але ён ёсць. Акцэнт у будаўніцтве арэнднага жылля сёння робіцца на паляпшэнні жыллёвых умоў грамадзян, якія адносяцца да найбольш запатрабаваных спецыяльнасцей. Рэгіёнам прадастаўлена права вызначаць катэгорыі найбольш запатрабаваных прафесій грамадзян, якім будуць выдадзены кватэры, каб іх замацаваць на месцах", - расказала прадстаўнік Мінбудархітэктуры. Неабходнасць складання такіх пералікаў прадугледжана ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2025 года нумар 38 "Аб асаблівасцях прадастаўлення і выкарыстання арэнднага жылля".

У Мінгарвыканкаме цяпер вядзецца актыўная работа па вызначэнні такіх катэгорый грамадзян.

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.

Да спіса