Навіны рэспублікі
25 ліпеня 2024
МАРГ расказаў аб прымаемых у Беларусі мерах, каб цэны не кусаліся
Начальнік аналітычнага ўпраўлення Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Іваноўская расказала на прэс-канферэнцыі аб мерах па кантролі за цэнамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Раскажу пра работу МАРГ, накіраваную на тое, каб цэны не кусаліся. Па выніках першага паўгоддзя інфляцыя склалася ў рамках устаноўленай мэты і склала 3,4 працэнта да снежня 2023-га. Хачу адзначыць, што гэта ніжэй за сярэднія значэнні росту цэн са студзеня па чэрвень на працягу апошніх 10 гадоў, без уліку шокавага 2022 года. У апошнія 10 гадоў са студзеня па чэрвень цэны раслі ў сярэднім на 5 працэнтаў. Таксама трэба адзначыць, што ўсе кампаненты індэкса спажывецкіх цэн па выніках паўгодзя склаліся ў межах устаноўленай мэты. Падтрыманню інфляцыі ў мэтавай траекторыі ў першую чаргу садзейнічае дзяржаўнае рэгуляванне цэн - шырока вядомая ўсім пастанова ўрада нумар 713, якой ахоплена рэгуляванне цэн на спажывецкія тавары як айчыннай вытворчасці, так і імпартныя. Яна ўводзілася ў чацвёртым квартале 2022 года як мера ў адказ на знешнія шокі, якія справакавалі некіруемы рост цэн на ўнутраным рынку", - сказала Ірына Іваноўская.
Яна адзначыла, што нават калі меркаванні наконт эфектыўнасці пастановы нумар 713 і разыходзяцца, аднак з лічбамі не паспрачаешся. "Так, па выніках першага паўгоддзя 2024 года індэкс спажывецкіх цэн па таварах, якія рэгулююцца пастановай, склаў 2,5 працэнта. Нагадаю, што па ўсіх таварах і паслугах інфляцыя склала 3,4 працэнта", - звярнула ўвагу прадстаўнік МАРГ.
Яшчэ адзін інструмент, накіраваны на забеспячэнне цэнавай стабільнасці, - тарыфны сшытак. "Гэта наша планавае змяненне рэгулюемых цэн у разрэзе галін эканомікі. Гэта пастаянна рэгулюемыя цэны і тарыфы, якія не ахоплены пастановай нумар 713. Гэта падакцызныя тавары, жыллёва-камунальныя паслугі, пасажырскі транспарт, паслугі сувязі для насельніцтва, рытуальныя паслугі, паслугі сацыяльнага характару, іншыя абавязковыя плацяжы і пошліны і некаторыя іншыя. Так, па выніках чэрвеня 2024 года адносна снежня 2023-га прырост пастаянна рэгулюемых цэн склаўся на ўзроўні 4 працэнтаў", - адзначыла начальнік упраўлення.
Наступны інструмент - праграма дзеянняў урада і Камітэта дзяржаўнага кантролю па стабілізацыі цэн. Яна ўключае ў сябе шэраг мер па насычэнні ўнутранага рынку, комплекс мер эканамічнага і адміністрацыйнага характару, а таксама меры па ўдасканаленні антыманапольнага і цэнавага рэгулявання і кантролю. "Меры па насычэнні ўнутранага рынку таварамі актыўна рэалізуюцца. У прыватнасці, адно з мерапрыемстваў - пашырэнне льготнага спажывецкага крэдытавання, стымулюючага набыццё айчынных тавараў, у рамках пастановы нумар 992. Таксама мы карэкціруем механізмы фарміравання і выкарыстання стабілізацыйных фондаў на міжсезонны перыяд. Гэта работа праведзена ў мінулым годзе, паказала сваю эфектыўнасць і ў бягучым годзе прадоўжана. Таксама актыўна ідзе работа па пашырэнні вытворчасці агародніны ў закрытым грунце і пераважнай далейшай яе рэалізацыі на ўнутраным рыкну", - удакладніла Ірына Іваноўская.
Што датычыцца мер па ўдасканаленні цэнавага рэгулявання і кантролю, то рэалізуецца пілотны праект па выбудоўванні сістэмы аўтаматызаванага аналізу цэн на тавары, пастаўляемыя на ўнутраны рынак. Гэта работа вядзецца ў тым ліку ў рамках праграмы па стрымліванні цэн і ў мэтах выканання даручэння кіраўніка дзяржавы забяспечыць стварэнне эфектыўнай сістэмы кантролю цэн на ўнутраным рынку. Гэтым займаецца МАРГ сумесна з Банкам развіцця, Дзяржаўным мытным камітэтам, Міністэрствам па падатках і зборах, гандлёвымі сеткамі і іншымі зацікаўленымі. "Асноўная задача - гэта аўтаматызаваны аналіз і маніторынг цэн на тавары па ўсім ланцугу тавараперамяшчэння. Па выніках работы мы атрымаем прадукт, які дасць магчымасць МАРГ у рэжыме анлайн кантраляваць ланцугі змянення цэн ад этапу ўвозу тавара ў краіну або яго вытворчасці ўнутры краіны да продажу ў рознічнай сетцы", - растлумачыла прадстаўнік МАРГ.
"Наконт іншых мер праграмы стрымлівання цэн, напрыклад, прынята пастанова МАРГ, якой прадугледжана істотнае пашырэнне пераліку тавараў, абавязковых для наяўнасці пры рэалізацыі ў гандлёвым аб'екце", - дадала начальнік упраўлення.
Таксама МАРГ сумесна з Беларускай гандлёва-прамысловай палатай распрацаваў механізм маркіроўкі беларускіх тавараў на маркетплэйсах шляхам адлюстравання спецыяльных сімвалаў у картках такіх тавараў. Напрыклад, "Зроблена ў Рэспубліцы Беларусь", "Зроблена ў Беларусі".
"Адна з прыярытэтных задач МАРГ на другое паўгоддзе - захаваць дасягнутыя вынікі першага паўгоддзя, забяспечыць цэнавую стабільнасць і не дапусціць павышэння цэн на ўнутраным рынку. МАРГ гэта пытанне трымае на пастаянным кантролі. Цэны пастаянна правяраюцца і маніторацца. Калі супрацоўнікі МАРГ бачаць, што па выніках нейкага перыяду, тыдня, месяца, па нейкіх асобных таварах, па групах тавараў, у разрэзе рэгіёна або цэлай краіны назіраецца нетыповае адхіленне цаны ад звычайнай траекторыі, то існуючая сітуацыя дэталёва вывучаецца, прымаюцца адпаведныя кіраўніцкія рашэнні. Такім чынам, лічым, што рэалізуемыя МАРГ меры дадуць магчымасць забяспечыць цэнавую стабільнасць і выканаць прагнозны параметр па інфляцыі па выніках 2024 года", - рэзюмавала Ірына Іваноўская.