Навіны рэспублікі
29.01.2025

Лукашэнка пацвердзіў дэлегацыі Панафрыканскага парламента гатоўнасць Беларусі супрацоўнічаць з Афрыкай


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дэлегацыяй Панафрыканскага парламента пацвердзіў гатоўнасць краіны да развіцця адносін з краінамі кантынента, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэта першы візіт такой прадстаўнічай дэлегацыі Панафрыканскага парламента ў Беларусь. На чале дэлегацыі - старшыня гэтага парламента Фарчун Зефанія Чарумбіра. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што даўно сочыць за развіццём адносін паміж парламентам Беларусі і Панафрыканскім парламентам.  Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, менавіта пад старшынствам Фарчуна Зефаніі Чарумбіры ўзаемадзеянне стала больш актыўным.

"Тое, што мы рушылі наперад у наладжванні супрацоўніцтва, для мяне нядзіўна. Вы ж, спадар старшыня, - зімбабвіец, а значыць, прадстаўнік вельмі дружалюбнай нам дзяржавы", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён папрасіў пасля вяртання перадаць самыя цёплыя пажаданні свайму сябру - Прэзідэнту Зімбабвэ Эмерсану Мнангагву. "Чакаем яго з візітам у Мінску ў бягучым годзе, - сказаў Прэзідэнт. - Калі вы з ім прыедзеце, мы таксама будзем рады".



Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь падтрымлівае партнёраў з Афрыкі ў імкненні вырабляць прадукты харчавання за кошт унутраных рэсурсаў і быць незалежнымі ад знешніх фактараў. "З 2020 года Зімбабвэ сумесна з намі паспяхова ажыццяўляе праграму механізацыі сельскай гаспадаркі. Вы павінны быць упэўнены, што мы будзем прадаўжаць гэты свой рух, калі вам будзе выгадна. Інтарэс да беларускага вопыту развіцця аграсектара ёсць у Егіпта, Алжыра, Мазамбіка, Эфіопіі, Кеніі, Нігерыі і іншых дзяржаў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"У цэлым наша супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі выглядае шматабяцальным. Мы бачым інтарэс і з вашага боку", - заявіў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу на тое, што да сустрэчы далучыліся прадстаўнікі розных рэгіёнаў Афрыканскага кантынента. Гэта старшыня Нацыянальнага савета правінцый Парламента Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Рэфілве Мцвені-Цыпане, член Панафрыканскага парламента, дэпутат Нацыянальнай асамблеі Рэспублікі Каба-Вердэ Карла Саланге Фортэс Ліма і член Панафрыканскага парламента, дэпутат Нацыянальнай асамблеі Рэспублікі Кенія Эстэр Мутані Пасарыс.




Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі надаюць вялікае значэнне развіццю ўсебаковага партнёрства з ПАР. "Гэта датычыцца здабычы карысных выкапняў, узаемадзеяння ў сферах энергетыкі, сельскай гаспадаркі, навукі і адукацыі. Важнае месца займае праект па зборачнай вытворчасці трактароў на аснове беларускіх тэхналогій", - пералічыў кіраўнік дзяржавы напрамкі для развіцця супрацоўніцтва.

Беларуска-кенійскія адносіны таксама ўпэўнена развіваюцца. "У канцы 2023 года ў мяне адбыліся вельмі канструктыўныя, сардэчныя і дружалюбныя перагаворы ў Найробі з Прэзідэнтам Кеніі Уільямам Рута. Спадзяюся на наша далейшае ўзаемадзеянне. Я афіцыйна запрасіў Прэзідэнта Кеніі наведаць Беларусь з афіцыйным візітам і чакаю яго ў любы час, - сказаў Прэзідэнт. - Ведаю пра зацікаўленасць Кеніі ў забеспячэнні харчовай бяспекі, развіцці прамысловасці. Мы можам унесці свой уклад у рэалізацыю гэтых важнейшых задач".

Што датычыцца адносін з Каба-Вердэ, то яны пакуль не маюць актыўнага характару. "Але апошнія гады мы ўдзяляем вялікую ўвагу Заходняй Афрыцы. У рэгіёне рэалізуецца шэраг перспектыўных праектаў у галіне сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, барацьбы з надзвычайнымі сітуацыямі. Разлічваю, што ваш прыезд у Мінск надасць імпульс далейшым кантактам", - звярнуўся кіраўнік дзяржавы да Карлы Саланге Фортэс Лімы.


Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў гатоўнасць да дыялогу з афрыканскімі дзяржавамі. "Хацеў бы пачуць вашы ўражанні ад наведвання Беларусі, пажаданні і прапановы аб супрацоўніцтве ў канкрэтных галінах. Вельмі важна наладзіць нам з вамі цеснае супрацоўніцтва. Гэта было б добрым вынікам вашага знаходжання ў Беларусі і сігналам для кіраўніцтва вашых краін, ды і іншых краін Афрыкі", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Да спіса