Гэты год і пяцігодка не проста аб якасці, а аб жалезнай выканальніцкай дысцыпліне. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час выязнога семінара па сельскагаспадарчай тэматыцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяпер ідзе зімоўка жывёлы. Каб не ўпускаць праблемы і пытанні зімоўкі, было вырашана правесці выязны семінар для памочнікаў і ўпаўнаважаных Прэзідэнта ў рэгіёнах. "Мы ж "рыначнікі", глыбока прагрэсіўныя. Мы забылі аб тым, што мяса і малако, у тым ліку і зімой - адсюль. І ўпускаем часта праблемы і пытанні зімоўкі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён канстатаваў, што настаў самы востры зімовы перыяд, калі параўноўваць са снежнем і студзенем. У той жа час, дадаў кіраўнік дзяржавы, маразы надоўга не затрымаюцца і праз пару тыдняў прыйдзе ўжо вясна.
"Але пакуль зімоўка - як яна ідзе, як арганізаваць гэты самы востры перыяд зімы, калі і кармоў няшмат. Мы сёння правядзём не толькі арганізацыйна-кантрольнае мерапрыемства, але і паслухаем нашых вучоных. А ў іх самыя апошнія даныя, гэта людзі прагрэсіўныя. Яны ведаюць, як жывёла павінна зімаваць і як падысці да веснавых палявых работ. Яны раскажуць памочнікам і ўпаўнаважаным, а з заўтрашняга дня вы павінны на месцах - у абласцях, раёнах - паглядзець, як арганізавана ўсё гэта, наколькі там адпавядае таму, што тут (у сельгаспрадпрыемстве "Шыпяны-АСК", на тэрыторыі якога праводзіцца семінар. - Заўвага БЕЛТА)", - сказаў беларускі лідар.
"Таму глядзіце, запамінайце. З сённяшняга-заўтрашняга дня ў сваіх абласцях, дзе вы ўпаўнаважаныя і памочнікі, гэтак жа правядзіце мерапрыемствы, але ўжо не з пункту гледжання вучобы, а з пункту гледжання кантролю і арганізацыі. І на месцах з губернатараў, мясцовых кіраўнікоў запатрабуеце. Абагульніце ва ўрадзе ўсё і даложыце мне, як прайшла зімоўка жывёлы. Каму - ордэны, медалі, а каму - процілеглае", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што не кожны яго памочнік або ўпаўнаважаны кіраўніка дзяржавы паглыблены ў пытанні сельскай гаспадаркі. "Асвяжым памяць і пачнём дзейнічаць. Гэты год асабліва, ды і пяцігодка, - гэта не проста якасць (гэта наш канчатковы вынік), гэта жалезная выканальніцкая дысцыпліна. Калі не будзе дысцыпліны, усё пустое", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Заснавальнікам сельгаспрадпрыемства "Шыпяны-АСК" у свой час стаў Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве. У ліку асноўных відаў дзейнасці прадпрыемства - вытворчасць малака, гадаванне і адкорм буйной рагатай жывёлы, вырошчванне збожжавых і зернебабовых культур, рапсу, іх насенняводства, стварэнне кармавой базы для ўтрымання буйной рагатай жывёлы. З 2011 года прадпрыемства з'яўляецца элітгасам па вытворчасці насення збожжавых, зернебабовых, крупяных і алейных культур.
Кіраўніку дзяржавы спачатку далажылі аб вытворчай дзейнасці прадпрыемства і перспектывах яго развіцця, а потым удзельнікі мерапрыемства заслухалі інфармацыю ад Навукова-практычнага цэнтра НАН па жывёлагадоўлі аб асаблівасцях кармлення і ўтрымання буйной рагатай жывёлы ў зімова-стойлавы перыяд.
Пры гэтым Прэзідэнт запатрабаваў не замоўчваць і не абыходзіць існуючыя праблемы, а дакладваць аб'ектыўна і па сутнасці. У прыватнасці, ён расказаў аб фактах, калі кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў дзеля захавання колькасці дойнага статка забараняюць прадаваць на мясакамбінат кароў, якія ўжо не даюць малака. Апраўданне гучыць такое - будуць дакараць за колькасць. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такі падыход катэгарычна недапушчальны.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на асаблівасці ўтрымання жывёлы ў плане забеспячэння максімальнай працягласці прадукцыйнага перыяду. Ён заўважыў, што карова не павінна даіцца паўтара-два гады. Напрыклад, на прэзідэнцкім падворку працягласць прадукцыйнага перыяду складае як мінімум 9-12 гадоў. Прычым каровы даюць да 47 літраў малака за суткі, у той час як у гаспадарках радуюцца і 15 літрам.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў неабходнасць няўхільнага выканання ветэрынарна-санітарных правіл утрымання і вырошчвання буйной рагатай жывёлы на жывёлагадоўчых комплексах.
На малочнатаварным комплексе "Алесіна", які агледзеў кіраўнік дзяржавы разам з удзельнікамі семінара, частку статка складаюць каровы чырвонай дацкай пароды. Вучоныя пачалі выводзіць іх некалькі гадоў таму на прадпрыемстве "Вусце" Аршанскага раёна ў якасці эксперымента. Аднак вынікі гэтага эксперымента пакуль спрэчныя. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, які эфект ужо дасягнуты і што яшчэ насцярожвае ў гэтай рабоце.
"Гэта пытанне вельмі важнае, таму што Акадэмія навук замахнулася стварыць нам тут "космас" у жывёлагадоўлі. Паглядзім, як ствараем. Мы адбіралі ў Даніі самых лепшых і плацілі грошы. Прывезлі сюды - бракуем. Тут самая мінімальная павінна быць адбракоўка", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Комплекс "Алесіна" складаецца з двух кароўнікаў па 400 галоў, радзільнага аддзялення з цэхам запуску, даільна-малочнага блока, адміністрацыйна-бытавога комплексу. Таксама ёсць будынак гадоўлі цялят і маладняку, два будынкі гадоўлі маладняку і цялушак, навес для домікаў цялят прафілакторнага перыяду.
У комплексе прыменены перспектыўныя для малочнай жывёлагадоўлі краіны сістэма ўтрымання жывёл, спецыяльныя планіроўкі памяшканняў і інтэнсіўныя рэсурсазберагальныя навукаёмістыя тэхналогіі, створаны магчымасці па вырашэнні праблем паскоранага ўдасканалення жывёлы малочнага напрамку прадукцыйнасці.
Паводле слоў кіраўніка гаспадаркі, рэзультат чырвоныя каровы паказваюць дастойны, малако па паказчыках высокай якасці. Яно асабліва падыходзіць для вытворчасці сыроў. "Калі гэта для сыроў, мы павінны прадаваць, дзе сыры вырабляюць", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Падводзячы вынікі наведвання комплексу, Прэзідэнт паставіў удзельнікам семінара задачу пракантраляваць утрыманне жывёлы на месцах: "Гэта вельмі важна. Галоўнае - гэта дысцыпліна. Гэта павышае тэхналагічную дысцыпліну. Няма тэхналогіі - няма малака і загубім жывёлу. Належыць па рацыёне - аддай. Належыць, каб пад носам корм быў, значыць, так павінна быць".
У гэтым плане, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, кантроль павінен быць па ўсёй вертыкалі ўлады, пачынаючы ад кіраўніка рэгіёна да кіраўнікоў гаспадарак і заатэхнікаў.