Адрас: 211092, г. Талачын,
вул. Леніна, 1
Е-mail: odok@tolochin.vitebsk-region.gov.by
Тэлефон: (802136) 5-15-33
"Беларуснафта" разлічвае ў 2025 годзе выйсці на 2 млн тон здабычы нафты
"Беларуснафта" разлічвае ў 2025 годзе выйсці на 2 млн т здабычы нафты. Гэта вынікае з даклада генеральнага дырэктара кампаніі Аляксандра Ляхава на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб стане і развіцці мінеральна-сыравіннай базы рэспублікі, нарошчванні геолагаразведачных работ, у тым ліку па вуглевадароднай сыравіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Галоўны вынік нарады - прадаўжэнне нарошчвання геолагаразведачных работ на вуглевадароды на тэрыторыі Беларусі. Вядома, асноўны аспект быў удзелены бурэнню новых свідравін. Пастаўлена задача нарошчваць аб'ёмы буравых работ менавіта як прыступку да далейшага росту здабычы нафты на тэрыторыі краіны. Разам з тым падкрэслена, што за апошнія гады значна павялічаны аб'ёмы буравых, сейсмаразведачных работ. І гэта ўжо адбілася на тых тэмпах росту здабычы нафты, якія назіраюцца ў апошнія гады", - сказаў гендырэктар кампаніі "Беларуснафта".
Як вынікае з яго даклада на нарадзе, у 2023 годзе ўпершыню з 1995 года здабыта 1 млн 877 тыс. т нафты, план на бягучы год - 1 млн 920 тыс. т, а прагноз на 2025-ы - ужо 2 млн т. Для параўнання, у 2016 годзе ў краіне здабылі 1 млн 645 тыс. т нафты.
"Цяпер пра паталок здабычы нафты ў Беларусі складана гаварыць. Мы зыходзім з бягучых уяўленняў, якія маем. Бліжэйшая мэта здабычы нафты на тэрыторыі Беларусі - 2 млн т. Для гэтага трэба паступова павялічваць аб'ёмы буравых работ. І ў гэтым годзе, і ў 2025-м", - расказаў Аляксандр Ляхаў.
Гаворачы пра цяжкасці здабычы нафты ў Беларусі, гендырэктар растлумачыў, што калі 50-60 гадоў таму гэты рэсурс здабывалі параўнальна лёгка з порыстых парод, то цяпер у распрацоўцы радовішча з пародамі, дзе неабходна ажыццяўляць гідраўлічны разрыў пласта і будаваць гарызантальныя свідравіны. "Будаўніцтва гарызантальнай свідравіны часам у два разы даражэй, чым звычайнай вертыкальнай. Але за гэтым будучыня", - адзначыў ён.
Кампанія "Беларуснафта" мае ўсе неабходныя кампетэнцыі для гэтых работ, уключаючы навуковую і практычную базы. Тэхналогіі адаптаваны пад умовы Прыпяцкага прагіну.
Як паведамлялася БЕЛТА, на нарадзе Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што запасы нафты ў Беларусі недаацэнены. "Бывала, у савецкі час мы здабывалі каля 8 млн т нафты. Не дарэмна называю лічбу. Нашы прыродныя і геалагічныя ўмовы ў Беларусі ўсе ведаюць. 8 млн т здабывалі нафты, сёння здабываем 2 млн т прыкладна. У чым справа? Мне тлумачаць: выпампавалі ўсё. Я ў гэта не веру, - сказаў Прэзідэнт. - Калі б мы сёння мелі 5 млн т нафты, а не каля 2-х, багатай былі б дзяржавай. Вось адкуль прычына разгляду гэтага пытання".
На сённяшні дзень прамысловыя запасы беларускай нафты складаюць каля 45 млн т. За 2016-2023 гады яны прыраслі на 14 млн т, у тым ліку толькі ў 2023 годзе - на 2,5 млн т, што з'яўляецца рэкордам за апошнія 40 гадоў. Прымяненне новых тэхналогій, нарошчванне аб'ёмаў сейсмаразведкі і бурэння далі магчымасць пачынаючы з 2017 года забяспечыць рост здабычы нафты ў сярэднім на 20 тыс. у год.