Удзельнікі дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы выступілі з сумеснай заявай у сувязі з планамі па прыпыненні членства Беларусі і Расіі ў папячыцельскім савеце германскага фонду "Памяць, адказнасць і будучыня". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Кіраўніцтва германскага фонду "Памяць, адказнасць і будучыня" плануе прыпыніць членства краін у папячыцельскім савеце гэтай арганізацыі. "Як вядома, названы фонд ствараўся ў тым ліку пры падтрымцы беларускага і расійскага бакоў у якасці спецыялізаванай структуры ў інтарэсах ахвяр нацызму з дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, перш за ўсё з Беларусі, Расіі і Украіны як найбольш пацярпелых ад фашысцкай акупацыі тэрыторый СССР", - адзначаецца ў заяве.
Падкрэсліваецца, што пад надуманымі прычынамі фонд паставіў пад сумненне далейшы ўдзел Беларусі і Расіі ў яго дзейнасці, паколькі беларускія і расійскія прадстаўнікі нібыта ставяць пад небяспеку рэалізацыю статутных мэт фонду, яго інтарэсы і рэпутацыю, і нават ствараюць пагрозу бяспецы асоб, якія ўдзельнічаюць у ажыццяўленні праектаў фонду.
"Разглядаем гэту распачатую германскім бокам валтузню як непавагу да пацярпелых ад нямецкага фашызму краін і народаў, ахвяр нацызму і іх нашчадкаў. У апошнія гады дзейнасць фонду кардынальна трансфармавалася і набыла выразна антыбеларускі і антырасійскі характар. Цалкам абясцэніліся яго першапачатковыя мэты садзейнічаць прымірэнню і ўмацаванню ўзаемаразумення паміж народамі, падтрымліваць ахвяр нацыянал-сацыялістычнага рэжыму, якія выжылі, - гаворыцца ў сумеснай заяве. - Рашуча асуджаем гэтыя цынічныя, ганебныя дзеянні германскага боку, якія з'яўляюцца чарговым пацвярджэннем прагрэсіруючага ў палітэлітах ФРГ гістарычнага рэвізіянізму і палітызацыі культуры памяці".
Да спіса