Навіны рэгіёна
17.04.2024

«Вы ж парушаеце правілы!»: У Віцебску за 1-ы квартал 2024-га 120 чалавек панеслі адказнасць за паркоўку на месцах для інвалідаў

Жадаеце на наша месца? Такім пытаннем задаецца інвалід па захворванні апорна-рухальнага апарата віцяблянін Аляксандр М., калі назірае, як на парковачныя месцы, прызначаныя для яго таварышаў па няшчасці, заязджаюць машыны без адпаведнага апазнавальнага знака.

- Прыкра бачыць, што на месцах для інвалідаў паркуюцца зусім здаровыя маладыя людзі, - дадае Аляксандр. – Я ім кажу: «Вы ж парушаеце правілы!» А яны ў адказ: "Ну і заплацім гэты штраф, не згалець". А як жа чалавечнасць, элементарнае спачуванне да тых, хто хворы? Каб я мог, як раней, хадзіць, за кіламетр машыну пакідаў бы.

- Бываюць такія абвастрэнні, што я кладуся спаць прама каля дзвярэй туалета, - прызнаецца інвалід па захворванні ОДА кіроўца іншай машыны Міхаіл А. - Таму што кожны лішні крок дастаўляе неймаверныя пакуты.

На думку мужчын, Дзяржаўтаінспекцыі трэба часцей праводзіць рэйды па выяўленні паркоўшчыкаў-парушальнікаў. Супрацоўнікі міжраённага аддзела ДАІ УУС аблвыканкама тлумачаць, што падчас штодзённых дзяжурстваў увесь час зважаюць на падобныя супрацьпраўныя дзеянні. Толькі ў Віцебску за 1-ы квартал 2024-га 120 чалавек панеслі адміністрацыйную адказнасць за неабгрунтаваную паркоўку на месцах для інвалідаў. Параўнальная статыстыка мінулага і пазамінулага гадоў сведчыць, што такіх парушэнняў становіцца менш: 350 у 2023-м супраць 550 у 2022-м.Інспектары дарожна-паставой службы цудоўна ведаюць, дзе часцей за ўсё можна сустрэць нядобрасумленных аўтамабілістаў. Найперш – у буйных гандлёвых цэнтраў “Гіпа”, Green, “Еўраопт”, “Карона” ў Віцебску. Каля іх абсталяваны вялікія аўтастаянкі. Зыходзячы з агульнай колькасці машына-месцаў, як правіла, бліжэй да ўваходу вызначаюць пляцоўкі для інвалідаў. Часцяком спецыяльныя месцы займаюць тыя, для каго яны не прызначаны. Тлумачаць свае паводзіны бесцырымонна: тут усё роўна нікога не было, а нам так зручней.

Так прадугледжана, каб скараціць шлях хворага чалавека.

- На законных падставах паркавацца на гэтых месцах могуць інваліды I, II груп па любым захворванні і інваліды III групы па захворванні апорна-рухальнай сістэмы, а таксама тыя, хто ў дадзены момант перавозіць такіх пасажыраў, - нагадвае інспектар дарожна-паставой службы міжраённага аддзела ДАІ Арцём Закрэўскі, з якім карэспандэнт "ВВ" адправілася ў рэйд. - Часта яны ігнаруюць абавязак, прадугледжаны Правіламі дарожнага руху, аб пазначэнні сваёй машыны спецыяльным знакам "Інвалід". Гэта з'яўляецца парушэннем правілаў спынення і паркоўкі. Да таго ж ускладняе нашу працу: мы вымушаны адшукваць уладальніка, марнаваць час на яго чаканне.

...Грузавы мікрааўтобус без знака «Інвалід» заняў адмысловую пляцоўку ў «Еўраопта» на Маскоўскім, 60а. Скарыстаўшыся базай даных ДАІ, Арцём Закрэўскі спрабуе датэлефанавацца да ўладальніка. Безвынікова. Урэшце той выходзіць з крамы разам з жонкай, якая прад'яўляе пасведчанне інваліда.ІІ групы. Гэта значыць права на такую стаянку вадзіцель мае. Аднак ён не абазначыў аўтамабіль спецыяльным знакам, за што атрымаў папярэджанне. Мера адказнасці лёгкая, паколькі такое парушэнне здзейсніў упершыню.

– Дык я ж працую! - запярэчыла чарговая аўталэдзі на прапанову інспектара ДПС неадкладна падысці да свайго аўтамабіля, прыпаркаванага на месцы для інвалідаў.

Мяркуючы па тым, што лабавое шкло знутры закрыта святлоадбівальным экранам, каб пазбегнуць награвання салона, легкавік стаіць у ГЦ «ТрыА» з раніцы. Хоць сонца даўно перавярнулася і свеціць у багажнік. Энергічная кіроўца пераконвае патруль, што "звычайна ўсе гэтыя некалькі месцаў занятыя машынамі без знакаў "Інвалід". Што ж, бяруць на заметку, а жанчыне выпісваюць папярэджанне.

Трэба сказаць, карэспандэнта ўразіла вытрымка Арцёма Закрэўскага. Спакойна і цярпліва ён тлумачыў вадзіцелям сутнасць іх парушэнняў, спакойна выслухоўваў здагадкі аб неабходнасці "выконваць планы па штрафах", заўвагі аб нібыта прыдзірках да законапаслухмяных вадзіцеляў. Кожная размова заканчвала пажаданнем:

- Больш не парушайце!

Як станоўчую тэндэнцыю інспектары ПДС ДАІ адзначаюць уладкаванне спецыяльных месцаў для інвалідаў ля розных устаноў, у дварах новых мікрараёнаў. Грамадства павінна станавіцца больш гуманным. Інспектары ж нястомна нагадваюць аб карэктных паводзінах на аўтамагістралях і ўважлівым стаўленні да ўдзельнікаў дарожнага руху.

Да спіса