З надыходам вясны клопатаў у камунальнікаў прыкметна дадаецца. Трэба адрамантаваць фасады і дахі дамоў, добраўпарадкоўваць і падтрымліваць парадак на прыдамавых тэрыторыях, могілках, рамантаваць дарогі.
Майстар па арганізацыі абслугоўвання і эксплуатацыі жыллёвага фонду камунальнага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі «ЖРЭП Віцебскага раёна» Святлана Сафронава, лаўрэат звання «Чалавек года Прыдзвіння – 2023» – адна з тых, на каго павялічылася рабочая нагрузка. І яна ўсё радзей бывае ў сваім кабінеце, таму што трэба кантраляваць якасць таго, што зроблена на месцах, вырашаць іншыя арганізацыйныя пытанні.
- Працую ў ЖРЭП Віцебскага раёна з пачатку яго дзейнасці - 2020 года, я адна з чатырох майстроў прадпрыемства, у нашым падначаленні 13 чалавек. Мы ў адказе за Курынскі, Заронаўскі, Мазалаўскі, Лятчанскі сельсаветы. Наша галоўная задача-рабіць усё неабходнае, каб людзям было ўтульна ў дамах, якія мы абслугоўваем, камфортна знаходзіцца на чыстых вуліцах, каб на могілках быў парадак, – распавядае Святлана Сафронава.
Таксама ЖРЭП адказвае за грамадскія шахтныя студні, каардынуе адлоў бяздомных жывёл.
- Жыхары паведамляюць аб неабходнай ім камунальнай паслузе па нумары 115, але перыядычна па звычцы тэлефануюць і нам. Такія звароты таксама фіксуюцца, мы стараемся дапамагчы, калі гэта ў нашых сілах, – працягвае суразмоўца.
Святлана Сафронава і яе калегі разумеюць, што ў бягучым годзе добраўпарадкавання трэба яшчэ больш інтэнсіўна наводзіць парадак на зямлі, ствараць у вёсках, аграгарадках прыгажосць, у тым ліку і ў маланаселеных пунктах.
Намеснік дырэктара КУП ЖКГ «ЖРЭП Віцебскага раёна» Юрый Сарокін канстатаваў, што Святлана Сафронава-адна з лепшых супрацоўніц прадпрыемства, узорны майстар.
- Яна карыстаецца аўтарытэтам сярод калег, заўсёды ветлівая з грамадзянамі, у яе шмат чаму могуць навучыцца пачаткоўцы ў прафесіі. Святлана заслужана стала лаўрэатам звання «Чалавек года Прыдзвіння – 2023», і мы ганарымся, што яе фота размешчана на раённай Дошцы гонару – ля ўваходу ў Віцебскі райвыканкам, – распавёў Юрый Сарокін.
Калі мы гутарылі са Святланай, яна перыядычна адказвала на тэлефонныя званкі. У майстра нярэдка працоўны дзень распісаны па хвілінах. І дома таксама. Там яе з нецярпеннем чакаюць дзве ўнучкі, малодшай ўсяго чацвёрты годзік. З бабуляй ім вельмі пашанцавала: яна вясёлая, любіць жывёл, актыўная, як модна сягоння казаць, любіць рух. Сядзець дома на канапе і гадзінамі глядзець тэлевізар-гэта не яе стыль жыцця.
Да спіса