Фотавыстава БЕЛТА "Беларусь памятае. 75 імгненняў вайны" адкрылася ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Маштабная фотавыстава прымеркавана да 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Экспазіцыя размясцілася ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя Леніна. Яна ўключае 75 фотаздымкаў - рарытэтныя чорна-белыя фатаграфіі з архіва БЕЛТА, у тым ліку вядомых ваенных карэспандэнтаў і малавядомыя кадры. Значная частка здымкаў прысвечана тэме вызвалення абласных гарадоў, перыяду пасляваеннага аднаўлення. Праз аб'ектыў фотакамеры прадстаўлены аўтарскі погляд на розныя бакі і перыяды вайны (франтавыя бітвы, партызанскую і падпольную барацьбу, пакуты мірнага насельніцтва).
Высокую ацэнку даў выставе пасол Арменіі ў Беларусі Армен Гевандзян. "Тут сабрана калекцыя жывых фатаграфій, якія сціраюць грань 75-гадовай даўнасці і даюць магчымасць у поўнай меры адчуць радасць, адлюстраваную на кожным здымку - вызваленне гэта маленькай вёсачкі або пасляваенны час. Такія праекты вельмі важны. Яны падкрэсліваюць значнасць Вялікай Перамогі, якая шырока будзе адзначацца і ў Беларусі, і ў Арменіі, і ў іншых краінах", - падкрэсліў дыпламат на цырымоніі адкрыцця выставы.
Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў таксама падкрэсліў важнасць экспазіцыі. "Выстава ахоплівае ўвесь спектр ваенных гадоў - ад бамбёжкі Мінска да вызвалення абласцей. Вялікі плюс - у эксклюзіўнасці падабраных фотаздымкаў, яны з'яўляюцца сапраўднай рэдкасцю. Менавіта такі падыход робіць кожную выставу БЕЛТА ўнікальнай", - перакананы Уладзімір Цярэнцьеў.
Больш падрабязна аб тым, як рыхтавалася выстава, расказаў намеснік галоўнага рэдактара рэдакцыі візуальнай інфармацыі БЕЛТА Уладзімір Іваніцкі. "Адбіраліся здымкі цяжка: мы стараліся ахапіць усе рэгіёны Беларусі і паказаць сапраўдных людзей, якія ваявалі. Менавіта іх твары - твары людзей, якія прынеслі Перамогу, - мы і хочам паказаць беларусам, нашай моладзі", - дадаў Уладзімір Іваніцкі.
Прэзентацыя фотавыставы БЕЛТА стала важнай часткай падагульняючай калегіі ідэалагічнага актыву Віцебскай вобласці. Азнаёміцца з ёй у Віцебску можна да 12 лютага, а потым праект будзе прадстаўлены ў Магілёве і іншых абласных цэнтрах Беларусі.-0-
Да спіса