У рамках мерапрыемства «Аб, жанчына, - ты свет!» у Віцебску ўшаноўвалі пераможцаў гарадскога этапу конкурсу «Жанчына года-2024». Гэта было традыцыйнае мерапрыемства, якое гарадская арганізацыя Беларускага саюза жанчын праводзіць напярэдадні Дня жанчын. Яно стала сапраўдным святам для ўдзельніц з майстар-класамі і выступамі вядомых гарадскіх калектываў.
- Жанчына-гэта мама, жонка, сяброўка, аднадумца, — сказала, адкрываючы ўрачыстае дзейства начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Навіцкая. - Яна спалучае ў сабе душэўнасць, цеплыню, клопат, жаноцкасць, імкненне развівацца прафесійна, а таксама адыгрывае важную ролю, прымаючы актыўны ўдзел у жыцці краіны, захаванні міру і дабрабыту.
Кульмінацыяй святочнага дзейства стала ўзнагароджанне 18 пераможцаў гарадскога этапу конкурсу «Жанчына года-2024». Перамога прысуджалася ў шасці намінацыях, у тым ліку такіх, як «Паспяховы кіраўнік», «Актыўная грамадзянская пазіцыя», «Не старэюць душой ветэраны».
- Цалкам магчыма, што жанчыне-кіраўніку складаней канкураваць з калегамі-мужчынамі, - адзначыла ў размове з журналістамі рэктар абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Лапацінская, пераможца конкурсу ў намінацыі «Паспяховы кіраўнік», - аднак мне ўдаецца сумяшчаць і сямейнае жыццё, і асабістае развіццё, і праявіць сябе як кіраўнік. Калектыў у нас Жаночы (з 103 супрацоўнікаў 90 - жанчын), згуртаваны, створаны ўсе ўмовы для кар'ернага росту , для таго, каб супрацоўніцы маглі праявіць сябе на працы і заставаліся пры гэтым жанчынамі. Лічу, што ў гэтым вялікая заслуга прэзідэнта краіны, які называе сябе жаночым прэзідэнтам, кіраўніцтва вобласці і горада.
Яшчэ адна з пераможцаў гарадскога этапу конкурсу старшыня першаснай арганізацыі БСЖ абласнога цэнтра пульманалогіі і фтызіятрыі Ала Іванова шчыра прызналася, што ганарыцца датычнасцю да жаночай арганізацыі, тымі добрымі справамі, якія пад яе эгідай робяць 227 супрацоўніц, членаў пяршоўкі. Дарэчы, у гэтай пяршоўкі ёсць яшчэ два крылы - дзіцячае і мужчынскае, і іх члены таксама не застаюцца ў баку ад добрых спраў.
А ветэран педагагічнай працы амаль з паўвекавым стажам Таіса Грышчанка як пераможца конкурсу ў намінацыі «Не старэюць душой ветэраны» падзялілася сакрэтам бадзёрасці і актыўнасці, які тоіцца ў зносінах з сяброўкамі па жаночай арганізацыі і акцыях дабра, якія ажыццяўляюцца ў горадзе.
- Галоўнай мэтай мерапрыемства «Аб, жанчына, - ты свет!» якраз і было імкненне падзякаваць віцяблянкам за працу, ініцыятыву, тыя праекты, якія рэалізуюцца дзякуючы ім, - падкрэсліла старшыня гарадской арганізацыі БСЖ Наталля Кульценка. - Арганізацыя моцная сваімі пяршоўкамі, гэта асабліва важна і каштоўна.