У Віцебскай вобласці ідзе праверка дзяжурных сіл па проціпаветранай абароне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У рамках раптоўнай праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл Беларусі, якая праводзіцца па даручэнні Прэзідэнта, у Віцебскай вобласці праходзіць праверка дзяжурных сіл па проціпаветранай абароне. На адным з важных аб'ектаў задзейнічаны самы сучасны мабільны зенітна-ракетны комплекс "Тор".
"Зенітна-ракетнай батарэі "Тор" са складу сіл неадкладнага рэагавання 15-й зенітна-ракетнай брыгады паступіла каманда на прыкрыццё аб'екта ў новым пазіцыйным раёне. Зроблены марш з пункта пастаяннай дыслакацыі. Зенітна-ракетнай батарэі ў падтрымку нададзена рота Віцебскай 103-й паветрана-дэсантнай брыгады для арганізацыі аховы аб'екта. На гэты момант прадаўжаецца паляпшэнне ўмоў для пражывання і размяшчэння ваеннаслужачых у палявым лагеры. Батарэя заступіла на баявое дзяжурства, выконвае задачы па прызначэнні", - расказаў камандзір зенітна-ракетнай батарэі "Тор" Аляксандр Гнядзько.
Ён дадаў, што ўсе забяспечаны прадуктамі харчавання, разгорнуты палявы пункт харчавання. Надвор'е ваеннаслужачых радуе і аблягчае выкананне задач. "Гэта мой першы марш. І хоць праверка боегатоўнасці была раптоўнай, мы былі гатовы. Усе задачы пастаўлены дакладна. Побач з намі ёсць вопытныя таварышы, якія заўсёды дапамогуць і падкажуць, як правільна дзейнічаць. Надвор'е таксама спрыяе, ужо даволі цёпла", - падзяліўся сяржант 15-й зенітна-ракетнай брыгады Павел Рацюнскі.
Акрамя таго, у раёне выканання баявой задачы па прызначэнні выкарыстоўваюцца спецыяльная тэхніка і беспілотныя лятальныя апараты.
Да спіса