Навіны рэгіёна
18.02.2025

У Талачынскім раёне суд абмежаваў дзеяздольнасць мужчыны з-за алкагалізму

Па ініцыятыве пракуратуры Талачынскага раёна 42-гадовы мясцовы жыхар, які злоўжывае спіртнымі напоямі і які ставіць у цяжкае матэрыяльнае становішча членаў сваёй сем'яў, абмежаваны судом у дзеяздольнасці, паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Віцебскай вобласці.


Мужчына пражываў сумесна з 63-гадовай маці. Працяглы час афіцыйна нідзе не працаваў, меў выпадковыя заробкі. Грашовыя сродкі траціў на набыццё спіртных напояў. Знаходзіўся на ўліку ў лекара-нарколага. У стане алкагольнага ап'янення правакаваў канфлікты з маці, з прычыны чаго яна неаднаразова звярталася па дапамогу ў Талачынскі РАУС.

Удзелу ў аплаце жыллёва-камунальных паслуг, куплі прадуктаў і прадметаў побыту дадзены грамадзянін не прымаў. Жанчына-пенсіянер вымушана была ўтрымліваць дарослага сына за кошт сваёй пенсіі, а таксама несці ўсе выдаткі, у тым ліку звязаныя з наступствамі злоўжывання сынам спіртных напояў.

Згодна з п. 1 арт. 30 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь грамадзянін, які з прычыны злоўжывання спіртнымі напоямі, наркатычнымі рэчывамі, псіхатропнымі рэчывамі, іх аналагамі ставіць сваю сям'ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча, можа быць абмежаваны ў дзеяздольнасці судом у парадку, устаноўленым Грамадзянскім працэсуальным заканадаўствам. Над ім усталёўваецца папячыцельства.

Пры такіх абставінах суд задаволіў заяву пракурора Талачынскага раёна і абмежаваў мужчыну ў дзеяздольнасці – пазбавіў права здзяйсняць здзелкі па распараджэнні маёмасцю, атрымліваць заработную плату, пенсію і іншыя даходы, распараджацца імі без згоды папячыцеля, за выключэннем права здзяйсняць дробныя бытавыя здзелкі.

Рашэнне суда ўступіла ў законную сілу.

Да спіса