Навіны рэгіёна
11.12.2023

Рэлігійныя абшчыны і ўлады Браслаўшчыны абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва

«Падтрыманне міжканфесійнага міру і нацыянальнай згоды ў грамадстве» — тэма размовы, якая адбылася ў Браслаўскім райвыканкаме падчас сустрэчы прадстаўнікоў мясцовай улады і рэлігійных абшчын, якія дзейнічаюць у раёне.

Вітаючы прысутных, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская акцэнтавала ўвагу на тым, што агульнымі намаганнямі ў рэгіёне створана спакойная спрыяльная абстаноўка як для мясцовых жыхароў, так і для іх гасцей. Склаліся добрыя адносіны паміж органамі дзяржаўнай улады і абшчынамі, усе рэлігійныя арганізацыі працуюць у адпаведнасці са Статутам, парушэнняў заканадаўства не рэгіструецца.

– Мэта ў нас адна – духоўна-маральнае выхаванне нацыі, мір і грамадзянская згода, – падкрэсліла Ніна Пучынская.

Аналізуючы гэтае ўзаемадзеянне, начальнік аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі райвыканкама Наталля Спірыдонава і свяшчэннаслужыцелі адзначылі, што абшчыны розных канфесій і органы мясцовай улады імкнуцца дасягнуць паразумення, паспяхова ўзаемадзейнічаюць у інтарэсах усіх жыхароў Браслаўшчыны. Вялікая работа сумесна з прыходамі праводзіцца сельскімі Саветамі дэпутатаў, старэйшынамі вёсак па добраўпарадкаванні могілак, населеных пунктаў. Як прыклад прыводзіўся Відзаўскі сельсавет, дзе

7 абшчын разам з выканкамам падтрымліваюць парадак на каталіцкіх, стараабрадніцкіх, праваслаўных і татарскіх могілках.

На тэрыторыі Друеўскага сельсавета рэлігійнымі арганізацыямі актыўна рэалізуюцца культурныя і адукацыйныя мерапрыемствы. На працягу многіх гадоў Траецкі касцёл з'яўляецца месцам правядзення пленэраў, удзельнікамі якіх становяцца вядомыя ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі мастакі.

Па ініцыятыве рэлігійнай абшчыны «Прыход храма Святога Вялікапакутніка Георгія Перамаганосца» ў аграгарадку ўжо некалькі гадоў праходзіць міжрэгіянальная сустрэча праваслаўнай моладзі Полацкай епархіі ў рамках праекта «Таямніцы пры граніцы», іншыя масавыя мерапрыемствы. Самыя цікавыя з іх, арганізаваныя з падтрымкай Друеўскага Дома культуры, - фестываль "Адкрыем таямніцы разам", канцэртная праграма "Ноч бардаўскай песні", відэасалон "Ноч успамінаў", воркшоп "Друя: гісторыя і людзі", цырымонія "З падзякай за працы" , квэст «Таямніцы Дабравешчанскай абіцелі».

Ансамбль скрыпачоў Друеўскага філіяла раённай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Валянціны Казакевіч забяспечвае набажэнствам музычнае суправаджэнне, удзельнічае ў канцэртах для прыхаджан і гасцей, у святкаваннях знамянальных дат і традыцыйных рэлігійных свят.

З мэтай удасканалення работы па ўзаемадзеянні школы і праваслаўнай царквы ў пытаннях духоўна-маральнага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі распрацавана праграма супрацоўніцтва галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама і Віцебскай і Полацкай епархій Беларускай праваслаўнай царквы на 2021 - 2025 гады. У рамках яе ў бягучым навучальным годзе ў 8 установах агульнай сярэдняй адукацыі Браслаўшчыны вядуцца факультатыўныя заняткі духоўна-маральнай і сямейнай накіраванасці, якія наведваюць 140 навучэнцаў 6 - 9-х класаў.

У школах праводзяцца: урокі і гадзіны духоўнай культуры, выставы-інсталяцыі ў школьных бібліятэках, конкурсы малюнкаў, літаратурна-музычныя кампазіцыі да традыцыйных духоўных свят, сустрэчы з настаяцелямі храмаў раёна.

Прыкладаў працы па духоўна-маральным выхаванні было прыведзена шмат, як і выказаных прапаноў па пашырэнні яе ў сферы дабрачыннасці, стварэнню месцаў гістарычнай памяці. Узгадалі даўняе рашэнне аб арганізацыі ў Друі музея пад адкрытым небам, якое пакуль так і не рэалізавана, абмеркавалі праблему афармлення ахоўных зон пры культавых аб'ектах, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. А такіх на Браслаўшчыне 14.

Размова атрымалася канструктыўная, якая ахапіла практычна ўсе напрамкі сумеснай працы ўлады і рэлігійных абшчын.

Да спіса