Дэлегацыя Смаленскай вобласці на чале з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Кацярынай Яфрэмавай наведала Аршанскі і Дубровенскі раёны.
Мэта візіту-азнаямленне з практычным і навуковым складнікам льнаводства Віцебшчыны, працэсам вырошчвання лёну і вырабу льняных вырабаў. Першым пунктам маршруту стаў Дубровенскі льнозавод. Тут гасцям паказалі сыравінны двор-захоўванне льнотрасты ў рулонах, якой сёлета нарыхтавалі 12,5 тысяч тон. Ацанілі і працу ліній па выпрацоўцы льновалакна, яго катанізацыі.
Дэлегацыя наведала РУП «Інстытут лёну» ў аг. Вусце Аршанскага раёна. Менавіта тут займаюцца распрацоўкай новых сучасных метадаў селекцыі і вывядзеннем новых гатункаў лёну-даўгунцу і алейнага лёну, удасканаленнем тэхналогіі вырошчвання, уборкі і тэхналогіі першаснай апрацоўкі лёну.Завяршальным пунктам маршруту стаў Аршанскі льнокамбінат. Гэта адзінае прадпрыемства на постсавецкай прасторы, якое мае поўны цыкл перапрацоўкі льнянога валакна. Пад яго кіраваннем апошнія 2 гады знаходзяцца два льнозаводы, што дае магчымасць кантраляваць працэсы вырошчвання, нарыхтоўкі і першаснай перапрацоўкі лёну. Такім чынам прадпрыемства рыхтуецца да важнага этапу — працы ў сельскагаспадарча-прамысловым ільняным кластары. Камбінат пастаянна праводзіць мадэрнізацыю ўсіх фабрык, якія ўваходзяць у яго склад.
Гасцей са Смаленскай вобласці пазнаёмілі з іх працай, вытворчымі працэсамі. Не абышлося без дэманстрацыі гатовай прадукцыі.
- Смаленскай вобласці тэматыка лёну цікавая, - адзначыў старшыня камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Віцебскага аблвыканкама Андрэй Булаўкін. - Гэта патрабаванне рынку. Адпаведна, нашы партнёры хочуць актыўна развіваць гэты кірунак, пераймаючы перадавы вопыт у Віцебскай вобласці.
Фота аўтара.
Да спіса