Распаўсюд вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку каранавiруса COVID-19, змяніў звыклы ўклад жыцця большасці людзей. Санітарная эпідэміялагічная служба раіць паменшыць колькасць кантактаў - адмовіцца ад наведвання культурных і забаўляльных устаноў, спартыўных залаў і іншых грамадскіх месцаў, а таксама ад прыёму ў сябе дома сяброў і членаў сем'яў, якія пражываюць асобна.
Акрамя таго, рэкамендуецца, па магчымасці, змена рэжыму працоўнага часу - арганізацыя дыстанцыйнай працы, прадастаўленне працоўных і сацыяльных водпускаў і г. д. Пры гэтым асабліва актуальны дадзеныя меры прафілактыкі для пажылых і людзей, якія пакутуюць ад хранічных захворванняў.
Што ў плане скарачэння часу знаходжання на працоўных месцах прадугледжвае дзейнае заканадаўства, мы папрасілі растлумачыць начальніка ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама Ганну Піменаву.
- Перш за ўсё хачу адзначыць, што ў адпаведнасці з пунктам 6 артыкула 55 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь адным з абавязкаў наймальніка з'яўляецца прыняцце неабходных мер па прафілактыцы і папярэджанні не толькі прафесійных, але і іншых захворванняў работнікаў, - пачала гутарку Ганна Леанідаўна. - Наймальнік павінен рэагаваць на сігналы аб недамаганнях сваіх работнікаў, нават калі відавочных прыкмет захворвання няма.
- І якія канкрэтна варыянты дзеянняў працадаўцы магчымы, згодна з працоўным заканадаўствам, у перыяд правядзення мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку вострых сезонных захворванняў?
- Іх некалькі. Па-першае, наймальнік можа даць работніку кароткачасовы сацыяльны водпуск не больш за 30 каляндарных дзён на працягу каляндарнага года (арт. 190 ПК). Пры гэтым у арганізацыі можа быць прадугледжана магчымасць прадастаўлення гэтага водпуску і на больш доўгі тэрмін. Прадастаўляецца ён па пісьмовай заяве работніка і без захавання заработнай платы.
Існуе таксама варыянт прадастаўлення водпуску па ініцыятыве наймальніка без захавання або з частковым захаваннем заработнай платы (арт. 191 ПК). Ён прадугледжвае згоду работніка, працягласць такога водпуску сумарна не павінна перавышаць шасці каляндарных месяцаў на працягу каляндарнага года. Памер захоўваемай заработнай платы вызначаецца па дамоўленасці паміж наймальнікам і работнікам, калi iншае не прадугледжана калектыўным дагаворам, пагадненнем.
Акрамя таго, можна прадастаўляць частку працоўнага адпачынку ў адпаведнасці з нормамі артыкула 174 Працоўнага кодэкса.
Па-другое, наймальнік мае права абвясціць прастой на прадпрыемстве. Згодна з артыкулам 34 Працоўнага кодэкса прастоем прызнаецца часовая адсутнасць працы па прычыне вытворчага і эканамічнага характару. У выпадку прастою не па віне работніка заработная плата не можа быць ніжэй 2/3 устаноўленай яму тарыфнай стаўкі (тарыфнага акладу), акладу (арт. 71 ПК).
Па-трэцяе, наймальнік можа даручыць супрацоўніку працаваць дыстанцыйна. У дадзеным выпадку дзейнічаюць нормы артыкула 32 Працоўнага кодэкса - наймальнік абавязаны папярэдзіць работніка аб змяненні істотных умоў працы пісьмова не пазней чым за адзін месяц. Гэтае правіла дзейнічае, калі ініцыятыва аб змене ўмоваў працы зыходзіць не ад наймальніка, а менавіта работнік звярнуўся да наймальніка з заявай аб змене ўмоў працоўнага дагавора і наймальнік згодны на змены.
- І, нарэшце, наймальнік мае права адхіліць свайго супрацоўніка ад працы, калі ў яго з'явіліся сімптомы захворвання, напрыклад, павышаная тэмпература (арт. 49 ПК). Пасля гэтага работнік у абавязковым парадку павінен звярнуцца ва ўстанову аховы здароўя, - падагульніла Ганна Піменава.
Як паведамілі ў Талачынскай цэнтральнай раённай бальніцы, наведваць пры гэтым паліклініку не трэба, першапачаткова варта патэлефанаваць у рэгістратуру медыцынскай установы па тэлефоне 2-15-45, дзе звярнуўшыся растлумачаць парадак яго далейшых дзеянняў у залежнасці ад сімптомаў захворвання.
Акрамя таго, нават калі сімптомаў няма, але грамадзянін вярнуўся з замежнай краіны, то ён абавязаны выконваць рэжым самаізаляцыі на працягу 14 дзён з моманту прыбыцця. Дапускаць да працы такіх асоб неабходна толькі пасля заканчэння тэрміну самаізаляцыі.
Ігар СНАР
Да спіса