Новы год - доўгачаканае свята не толькі для дзяцей, але і дарослых. Для таго каб навагоднія і калядныя святы не азмрочыць пажарамі і надзвычайнымі здарэннямі, работнікі МНС разам са сваімі юнымі памагатымі з Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных нагадаюць усім аб правілах бяспекі: як правільна карыстацца свечкамі, феерверкамі і петардамі, як паставіць бяспечную навагоднюю ёлку, чаму нельга выходзіць на лёд і шматлікае іншае.
Перадсвяточныя мерапрыемствы будуць праходзіць у тры этапы.
Першы этап працягнецца з 14 па 17 снежня. Ратавальнікі наведаюць тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Талачынскага раёна, сустрэнуцца з членамі народнага клуба «Ветэран», дзе правядуць забаўляльна-інфармацыйную праграму «Бяспечны Новы год» з інтэрактыўнай гутаркай па асновах бяспекі жыццядзейнасці, тэматычнымі конкурсамі і віктарынамі, дэманстрацыяй фільмаў і ролікаў па тэматыцы АБЖ.
На другім этапе - з 20 па 24 снежня – ратавальнікі будуць навучаць бяспецы ў агульнаадукацыйных установах, установах пазашкольнай работы, дамах сямейнага тыпу і сем'ях, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Работнікі МНС і юныя ратавальнікі раскажуць аб правілах выкарыстання піратэхнікі, паводзінах на лёдзе, эксплуатацыі электраабсталявання і пячнога ацяплення, а таксама аб бяспецы дзяцей у перыяд зімовых канікул.
Трэці этап пройдзе з 27 па 31 снежня. Гэты самы яркі, завяршальны этап акцыі пройдзе ў месцах продажу піратэхнічных вырабаў і дзіцячых установах аховы здароўя. Ратавальнікі з дапамогай наглядна-выяўленчай прадукцыі, роставых лялек, гучнагаварыцеляў нагадаюць аб бяспечным выкарыстанні феерверкаў. А дапамагаць ім у гэтым будуць казачныя персанажы: пажарны Дзед Мароз і Снягурка.
Ратавальнікі павіншуюць усіх з надыходзячымі святамі, нагадаюць правілы бяспекі, правядуць тэматычныя віктарыны, конкурсы, латарэі і многае-многае іншае.
Запрашаем усіх прыняць удзел у акцыі і правесці святы не толькі цікава, але і бяспечна!
Да спіса