Навіны раёна
Юныя талачынскія велагоншчыкі зноў на п'едэстале гонару
13.07.2020

Юныя талачынскія велагоншчыкі зноў на п'едэстале гонару

Адкрытае першынство Віцебскай вобласці па веласпорце ў рамках Алімпійскіх дзён моладзі адбылося ў Гарадку. Юныя гоншчыкі з нашага раёна даказалі свой клас. У індывідуальнай гонцы юніёраў на 18 кіламетраў Эдуард Ксяндзоў заняў першае месца, Антон Хадневiч - другое.

- Не згубіліся яны і ў групавой гонцы на 80 кіламетраў, - пракаментаваў вынікі спаборніцтваў трэнер Талачынскай велашколы Анатоль Купрыянец. - Антон на фінішы быў другім, Эдуард - трэцім. Адзначу, у абодвух у нейкі момант паўсталі на трасе праблемы з роварамі. Але хлопцы не завагаліся. Майстэрства, неўтаймоўная воля да перамогі, байцоўскія якасці дазволілі ім з бляскам скончыць дыстанцыю і ўвайсці ў тройку прызёраў.

Добрых слоў заслугоўваюць і іх таварышы па камандзе Глеб Веташкін і Іван Зімніцкі. У групавой гонцы яны зрабілі ўсё магчымае, каб лідэры каманды Ксяндзоў і Хадневiч змаглі перамагчы.

- Канкурэнцыя за прызавыя месцы была жорсткая?

- Вельмі. У гонках прынялі ўдзел спартсмены не толькі з Рэспублікі Беларусь, але са Смаленска, Вялікіх Лук. Лічу, тым вагавіцей вынік нашых гоншчыкаў.

- Спецыялісты гэта адзначылі?

- Яны заўсёды ўсё бачаць, аналізуюць, робяць высновы. Да прыкладу, па выніках гэтых і іншых спаборніцтваў, узроўню падрыхтоўкі і майстэрству Эдуард Ксяндзоў і Антон Хадневiч прымуць удзел у чэмпіянаце краіны.

Зрэшты, як і іншы выхаванец нашай школы майстар спорту міжнароднага класа Браніслаў Самойлаў. Думаю, падрабязна распісваць яго заслугі не трэба. Імя гоншчыка з эліты міжнароднага веласпорту даўно на слыху. Як і шматлікія перамогі ў самых прэстыжных спаборніцтвах.

- Хто прафінансаваў ўдзел нашай каманды ў спаборніцтвах?

- Бацькі. Хіба што Віцебская абласная СДЮШАР бензінам забяспечыла. Заправiў свой стары аўтамабіль «Жыгулі», пасадзіў хлопцаў - і ў дарогу. Вядома, на фоне яркіх спартыўных аўтобусаў іншых каманд наша прыбыццё глядзелася не вельмі...

- Па адзёжы сустракаюць...

- А выпраўляюць па выніках. Мы даказалі, зрэшты, як і заўсёды, што Талачынская школа веласпорту была і застаецца адной з лепшых у рэспубліцы.

Міхаіл ПАЎЛАЎ

Да спіса