Поспехі аграрыяў маюць вялікае значэнне для развіцця эканомікі вобласці, сацыяльнай стабільнасці ў рэгіёне. Гэта на фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2021» 18 верасня ў Шуміліна адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў.
- Мы дзякуем усім, хто выбраў сваёй прафесіяй самую неабходную для чалавецтва працу. Вы - наша багацце, захавальнікі аграрных традыцый і майстэрства, - звярнуўся ён да кіраўнікоў і спецыялістаў прадпрыемстваў, перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці.
На надвор'е спадзявайся, а сам не хіб
У гэтым годзе хлебаробы Віцебшчыны сабралі за 780 тысяч тон збожжа. На жаль, нягледзячы на немалыя матэрыяльныя выдаткі і каласальныя людскія намаганні, жаданага выніку дасягнуць не ўдалося. Прычынай з'явіліся прыродна-кліматычныя анамаліі, якія паўплывалі на недабор ураджаю па ўсёй краіне. Але, як заўважыў Мікалай Шарстнёў, чакаць падарунка ад прыроды не даводзіцца, у апошнія гады яна, наадварот, падае непрыемныя сюрпрызы.
- Усе павінны выразна ўсвядоміць, што мы працуем ва ўмовах рызыкоўнага земляробства. Неабходна перабудаваць работу раслінаводчай галіны з улікам максімальнага сыходу ад уплыву ўмоў надвор'я на працэсы вытворчасці. Пры гэтым трэба выключыць напластаванне сельскагаспадарчых работ, уласцівае толькі нашаму, паўночнаму, рэгіёну, забяспечыўшы ў абавязковым парадку своечасовае тэхнічнае пераўзбраенне, - сказаў кіраўнік вобласці.
У якасці прыкладу ён прывёў сельгасарганізацыю «Мазолавагаз» Віцебскага раёна, дзе 15 чэрвеня завяршылі ўборку траў першага ўкосу, а 1 жніўня - збожжавых і азімага рапсу.
- Поспех невыпадковы, да яго ідуць гадамі. Прафесіяналізм кадраў, арганізацыя працы, высокапрадукцыйная тэхніка, сучасная сушыльная гаспадарка - гэта стварыць няпроста. Каб змяніць сітуацыю ў лепшы бок, аграрыям вобласці неабходна зрабіць усё магчымае і немагчымае, - падкрэсліў Мікалай Шарстнёў.
Дарэчы, у шэрагу арганізацый у гэтым кірунку ўжо многае выканана. Рэгулярна высокія вынікі маюць у «Ларынаўка» Аршанскага раёна, дзе ў гэтым годзе ўраджайнасць склала 75,4 цэнтнера з гектара, на Талачынскім кансервавым заводзе (48,9 ц/га), у «Мазолавагазе» (45,9 ц/га), «Шайтэрава» (42,5 ц/га) Верхнядзвінскага і «Гараны-Агра» (42,1 ц/га) Полацкага раёнаў.
Варта заўважыць, што практычна палову ўраджаю вобласці сфармавалі хлебаробы пяці раёнаў - Аршанскага (108 тысяч тон), Віцебскага (95 тысяч), Талачынскага (66 тысяч), Дубровенскага (58 тысяч) і Верхнядзвінскага (51 тысяча). Пры гэтым 261 экіпаж, з іх 20 нашага раёна, па выніках жніва перасягнуў тысячны рубеж, 26, у тым ліку ў складзе Сяргея Спаткая і Уладзіміра Белахонава з УП «Талачынскі Элеватар-Агра», - двухтысячны, Яўген Кухараў (Віцебская бройлерная птушкафабрыка) і Сяргей Грэкаў (Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў) намалацілі 3171 і 3165 тон збожжа адпаведна, а лепшы вынік цяперашняй уборачнай кампаніі (4168 тон) належыць сямейнаму экіпажу Уладзіслава і Валянціна Лапцінскіх з «Межава-Агра» Аршанскага раёна.
У аснове дасягненняў - стратэгія рэгіёну
Віцебшчына робіць стаўку на вырошчванне не толькі збожжавых і зернебабовых культур.
- У апошнія гады мы ўзмоцнена прапагандуем аграрыям для вырошчвання зімавую свірэпіцу. Не толькі як ранні высокабялковы зялёны корм для жывёл, але і высокарэнтабельную культуру для вытворчасці насеннага алею. Яе перавагі даказаў і гэты, неспрыяльны, сельскагаспадарчы сезон - валавы збор насеннага алею не паменшыўся і захаваўся на ўзроўні мінулага года, - звярнуў увагу старшыня аблвыканкама.
У структуры вытворчасці раслінаводчай прадукцыі важнае месца займаюць таксама лён, бульба, гародніна. Пры гэтым лідэрам бульбаводства ў Беларусі з'яўляецца Талачынскі кансервавы завод, які фармуе 60 працэнтаў валавога збору гэтай культуры ў вобласці.
Будучыня галіны - за маладымі кадрамі
Важная дамінанта на бліжэйшы час - зрабіць аграрную галіну прэстыжнай. Інструментар відавочны - матываваць да прафесіі з дапамогай прывабнай сістэмы матэрыяльнага стымулявання.
- Сур'ёзны крок у гэтым напрамку зроблены - карэкціроўцы ў бок павелічэння падвергнулася зарплата механізатараў, спецыялістаў жывёлагадоўчай галіны. А з сакавіка бягучага года мы прынялі рашэнне маладым спецыялістам, якія працуюць у жывёлагадоўлі, штомесяц налічваць да зарплаты тысячу рублёў. Спадзяемся, гэтыя і іншыя меры стымулюючага характару дапамогуць замацаваць кадры на вёсцы, - адзначыў Мікалай Шарстнёў.
Прынцыпова новы падыход набывае і сістэма падрыхтоўкі кадраў, першым звяном якой з'яўляюцца агракласы, якія даюць магчымасць сфарміраваць уяўленне аб сельскiм укладзе жыцця і накіраваныя на прафарыентацыю навучэнцаў. У далейшым пераканаць юнакоў і дзяўчат у правільнасці выбару сельскагаспадарчай прафесіі пакліканы профільныя ССНУ і ВНУ, наяўныя бонусы пасля іх заканчэння.
- Віцебшчына імкнецца стварыць максімальна прывабныя ўмовы для маладых спецыялістаў, штогод у рэгіёне павялічваецца адсотак іх прыбыцця і замацавання. Хачу запэўніць, што падтрымка людзей, якія працуюць на зямлі, і надалей будзе працягнута, - канстатаваў кіраўнік вобласці.
Лепшым - заслужаныя ўзнагароды
Традыцыйна ў ходзе абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі свае заслужаныя ўзнагароды атрымліваюць пераможцы і прызёры абласнога спаборніцтва на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, рапсу, нарыхтоўцы травяных кармоў, а таксама тыя, хто сваёй добрасумленнай працай зрабіў значны асабісты ўклад у развіццё аграрнага сектара. Прыемна адзначыць, што ў ліку лаўрэатаў «Дажынак-2021» і шэраг прадстаўнікоў нашага раёна.
Сярод сельскагаспадарчых арганізацый на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур пераможцам у сваёй групе стаў Талачынскі кансервавы завод (дырэктар Анатоль Анюхоўскі), а кіроўца «Рыдомльскага» Аляксандр Парахонька завяршыў уборачную кампанію з абсалютна лепшым вынікам у вобласці на перавозцы збожжа ад камбайнаў. Другія месцы ў сваіх намінацыях занялі экіпаж збожжаўборачнага камбайна ААТ «Абальцы» у складзе Міхаіла Жуменка і Аляксандра Клімовіча і малады камбайнер кансервавага завода Аляксей Валодзін.
Акрамя таго, Ганаровымі граматамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь узнагароджаны старшыня Талачынскага райвыканкама Алег Лындзiн і камбайнер Талачынскага Элеватар-Агра Сяргей Спаткай, камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама - камбайнер кансервавага завода Аляксандр Валентаў, каштоўнымі падарункамі адзначаны кансервавы завод, элеватар і ААТ «Абальцы», а таксама трактарыст-машыніст УП «Рыдомльскi» Уладзімір Лазоўскі, а вучню Каханаўскага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Кірылу Шастакову па выніках праходжання вытворчай практыкі аб'яўлена падзяка старшыні Віцебскага аблвыканкама.
Зробленае застаецца людзям на гады
Абласныя «Дажынкі» - не толькі штогадовае свята для аграрыяў, але і запамінальная падзея для жыхароў іх чарговай сталіцы, якое пакідае след на доўгія гады.
У Шуміліна ў ходзе падрыхтоўкі да правядзення фестывалю-кірмашу другое нараджэнне атрымалі звыш ста аб'ектаў, з'явіліся і новыя. Вялікая ўвага нададзена сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванню вуліц і вытворчых тэрыторый, палепшылася якасць дарог, выкананы значны аб'ём работ па капітальным і бягучым рамонце жылога фонду, у гаспадарчы абарот уцягнуты невыкарыстоўваемыя даволі працяглы час будынкі і памяшканні. Пры гэтым, па існуючай практыцы, ператварэнне гарадскога пасёлка працягнецца і пасля «Дажынак», эстафету святкавання якіх Шуміліна перадало Глыбокаму, дзе абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі пройдзе праз год.
Ігар Снараў
Да спіса